Сёння — гадавіна пачатку паўстання Кастуся Каліноўскага
- 22.01.2026, 13:05
22 студзеня 1863 года Цэнтральны нацыянальны камітэт даў сігнал да барацьбы з Расійскай імперыяй.
22 студзеня 1863 года Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве пачаў паўстанне супраць расійскага царызму. Да яго далучыліся паўстанцы Беларусі і Літвы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Першыя паўстанцкія атрады былі створаныя на тэрыторыі заходніх уездаў Беларусі яшчэ ў канцы студзеня, а на астатняй тэрыторыі — у сакавіку — красавіку 1863 года. Яны фармаваліся з дробнай шляхты, афіцэраў, рамеснікаў, студэнтаў, гімназістаў старэйшых класаў, сялян. Атрады паўстанцаў, якія ўзначальвалі Валеры Врублеўскі, Фелікс Ражанскі (Гродзенская губерня), Зыгмунд Серакоўскі, Антанас Мацкявічус (Ковенская губерня), Антон Трусаў (Мінская губерня), Людвік Звеждоўскі (Магілёўская губерня), Максіміліян Чарняк (Віленская губерня), імкнуліся далучыць да паўстання як мага больш сялян, спрабавалі рэалізаваць аграрную праграму.
Кіраўнікі паўстання, асабліва Кастусь Каліноўскі, намагаліся распаўсюдзіць паўстанне на балтыйскія і расійскія губерні. Для гэтага прадугледжвалася стварэнне новых атрадаў — у Латвіі і Эстоніі.
На дапамогу Звеждоўскаму з Пецярбурга і Масквы прыбылі афіцэры Будзеловіч, Жэброўскі і іншыя з мэтай распаўсюджання паўстання на Смаленск і Маскву.
Расійскія ўлады прымянілі надзвычайныя меры для падаўлення паўстання. Колькасць салдат на ахопленых паўстаннем тэрыторыях была павялічана. У Беларусь, Літву і Польшчу перакідваліся войскі з цэнтральных абласцей імперыі. За выдачу паўстанцаў былі абвешчаныя ўзнагароды. Тыя вёскі, якія аказвалі дапамогу паўстанцам, поўнасцю спальваліся, маёмасць распрадавалася з аўкцыёнаў, а жыхары накіроўваліся на пасяленне ў цэнтральныя рэгіёны Расіі або ў Сібір. Дзякуючы рэпрэсіям уладам удалося падавіць паўстанне.
28 жніўня Польскі нацыянальны ўрад аддаў загад аб спыненні ваенных дзеянняў.
Узброеная барацьба ў Беларусі працягвалася яшчэ амаль год. Улетку 1864 года была ліквідаваная апошняя рэвалюцыйная арганізацыя ў Навагрудскім уездзе.
Удзельнікі паўстання падвяргаліся бязлітасным рэпрэсіям. Іх сядзібы разбураліся, маёмасць канфіскоўвалася. Больш за сотню паўстанцаў былі пакараныя смерцю, 800 сасланыя на катаргу, каля 12,5 тысячы чалавек выселеныя, у тым ліку 500 — у Сібір.
Тым не менш, паўстанне прымусіла царскі ўрад пайсці на больш выгадныя ўмовы правядзення сялянскай рэформы ў Польшчы, Беларусі і Літве. Паўстанне аказала значны ўплыў і на ажыўленне рэвалюцыйнага руху як у Расійскай імперыі, так і ў Заходняй Еўропе, а таксама на рост нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, літоўцаў і палякаў.