BE RU EN

Юрый Фельштынскі распавёў, чаму напісаў кнігу пра Наталлю Радзіну, а не пра Святлану Ціханоўскую

  • 22.01.2026, 16:15

Амерыканскі гісторык кардынальна змяніў сваё ўяўленне пра Беларусь.

Вядомы амерыканскі пісьменнік Юрый Фельштынскі стаў госцем YouTube-канала NEXTA. Аўтар кнігі «Беларусь Натальлі Радзінай. Журналістка супраць дыктатара», якая 16 студзеня была прэзентаваная ў Варшаве, распавёў, чаму Расія не зможа спыніць дэмакратычныя змены ў Беларусі, як спыніць вайну РФ супраць Украіны і звярнуў увагу на ключавое значэнне Беларусі для бяспекі Еўропы.

У самым пачатку размовы Юрый распавёў, чаму для напісання кнігі пра Беларусь ён выбраў галоўную рэдактарку сайта Charter97.org Наталлю Радзіну, а не Святлану Ціханоўскую:

— Я спрабаваў вызначыць чалавека, праз якога я змагу распавесці пра Беларусь сучаснаму чытачу. Скажу шчыра, у нейкі момант дамовіўся пра сустрэчу са Святланай Ціханоўскай. Я прыляцеў у Вільнюс, размаўляў з ёй, з людзьмі, якія працавалі ў яе штабе. Потым прыляцеў у Вашынгтон, таму што частка каманды Ціханоўскай тады знаходзілася там. І, скажам прама, мне не падалося, што праз жыццё і лёс Святланы Ціханоўскай я змагу распавесці пра Беларусь. А вось з Наталляй Радзінай у мяне яксьці склаўся кантакт зусім іншага ўзроўню.

Мы былі знаёмыя з Наталляй прыкладна з 2014 года. Пасля расійскага ўварвання ў Крым я даволі актыўна стаў выступаць у падтрымку Украіны. Наталля ў мяне брала інтэрв’ю, потым мы сустракаліся, калі я прыязджаў у Еўропу. Затым мы разам выступалі на Форуме свабоднай Расіі, дзе я пачуў яе лекцыю на тэму гісторыі Беларусі. Вось, уласна, з гэтай, цалкам гістарычнай у кантэксце гэтай кнігі, сустрэчы і пачалася праца над «Беларуссю Натальлі Радзінай». І я зразумеў, што праз Наталлю можна патлумачыць чытачу, што такое Беларусь.

Бо я зразумеў, што мой погляд на гэтую краіну быў абсалютна няправільны. Я ніколі не глядзеў на Беларусь як на частку Еўропы. Хутчэй як на нейкую правінцыйную частку Расіі. І гэты погляд аказаўся цалкам памылковым. Беларусь для мяне, дзякуючы Наталлі, адкрылася як зусім іншая краіна. І гэта была галоўная прычына, з якой я вырашыў пра гэта распавесці ўжо і шырокаму колу чытачоў.

Юрый Фельштынскі распавёў, чаму Беларусь павінна ўступіць у НАТА, а ідэі пра «фінляндызацыю» нашай краіны — утопічныя і шкодныя:

— Словы пра «фінляндызацыю» Беларусі сёння гучаць даволі дасціпна, бо іх можна разумець дваіста, паколькі «фінляндызаваная» Фінляндыя нядаўна ўвайшла ў НАТА. Калі гаварыць пра «фінляндызацыю» Беларусі, якая пры гэтым уваходзіць у Альянс, думаю, у нас няма супраць гэтага ніякіх пярэчанняў.

Расійская агрэсія прадэманстравала нам, што краіны, якія не паспелі ўвайсці ў НАТА, знаходзяцца ў вельмі ўразлівым становішчы. Мы памятаем, як расійскія войскі ўвайшлі ў Грузію, як расійскія войскі двойчы атакавалі Украіну. Мы ведаем, наколькі цяжкае становішча Малдовы, дзе ў Прыднястроўі, без запрашэння малдоўскага боку, яшчэ з 90-х гадоў знаходзяцца расійскія войскі, вядзецца пастаянная падрыўная дзейнасць. Усе гэтыя тры краіны — Грузія, Украіна, Малдова — у НАТА ўвайсці не паспелі.

Жыццёвы досвед паказаў, што невялікая еўрапейская дзяржава можа захаваць сваю незалежнасць толькі калі яна з’яўляецца часткай сур’ёзных міждзяржаўных аб’яднанняў, такіх як НАТА і Еўразвяз. І таму пытанне бяспекі і незалежнасці Беларусі, безумоўна, у цяперашніх умовах трэба і можна вырашаць толькі ў рамках сяброўства ў НАТА і ЕЗ.

Амерыканскі пісьменнік лічыць, што Пуцін спазніўся з уварваннем у Еўропу:

— З кожным днём Еўропа становіцца ўсё мацней і мацней. Я не гляджу на становішча рэчаў так скептычна. Перад вучэннямі «Захад», якія адбыліся ў верасні 2025 года, было заяўлена, што Расія перакіне ў Беларусь чарговыя 100 тысяч вайскоўцаў для ўдзелу ў манеўрах. Стала ясна, што гаворка ідзе не пра вучэнні, а пра ўварванне або ва Усходнюю Еўропу, або пра другую спробу захопу Кіева.

У выніку замест 100 тысяч чалавек у Беларусь прыбылі тры тысячы. Стала зразумела, што Расія не ў стане на фоне нескончанай вайны ва Украіне сабраць новую армію для ўварвання ў Еўропу. І гэта, вядома, моцна змяніла стратэгічную сітуацыю, будзем шчырымі.

Але ўсё адно Беларусь застаецца галоўным плацдармам для падрыхтоўкі расійскага ўварвання ў Еўропу. І да таго часу, пакуль у Беларусі не будзе зменены рэжым, да таго часу, пакуль не будзе прыбраны з палітычнай арэны Лукашэнка, Беларусь будзе заставацца плацдармам для расійскага ўварвання і пагроз Еўропе. Таму той, хто кантралюе Беларусь, насамрэч кантралюе ключ да бяспекі Еўропы. Гэта вельмі важна разумець. У гэтым плане Беларусь — стратэгічна найважнейшая тэрыторыя.

Юрый Фельштынскі перакананы, што змена Лукашэнкі запусціць перамены ў Беларусі і Расіі:

— Будзем шчырымі, змена рэжыму ў Беларусі — гэта прынцыпова больш лёгкі і рэальны праект, чым змена рэжыму ў Расіі. У РФ пры ўладзе знаходзіцца дзяржбяспека як ведамства. Гэта магутнейшая структура, у якой працуюць сотні тысяч, магчыма — мільёны людзей, на якую сёння працуе ўся дзяржава, у распараджэнні якой знаходзіцца эканоміка ўсёй Расійскай Федэрацыі. За 25 гадоў гэта ведамства ўмацавалася ва ўладзе, кіруе краінай з 2000 года, і адхіліць іх ад улады будзе вельмі цяжка.

Расійская армія традыцыйна ў палітыцы ўдзелу не прымае, а змагацца беззбройным людзям з ФСБ будзе складана.

Лукашэнка — класічны дыктатар. Мы бачым, з якой лёгкасцю, напрыклад, можна вырашыць праблему дыктатуры, як гэта толькі што было зроблена ў дачыненні да Венесуэлы праз выкраданне Нікаласа Мадура. З дыктатарам змагацца вельмі лёгка, бо гаворка ідзе пра ліквідацыю ўсяго толькі аднаго чалавека, у той час як змена рэжыму ў Расіі будзе патрабаваць прынцыпова большага.

Амерыканскі гісторык упэўнены, што ў Беларусі дастаткова лідараў, якія могуць узначаліць краіну пасля дэмакратычных зменаў:

— Не думаю, што могуць узнікнуць якія-небудзь складанасці са зменай рэжыму ў Беларусі. Так, можна меркаваць, што Расія будзе зацікаўленая ў тым, каб Лукашэнку змяніў такі ж паслухмяны Крамлю беларускі лідар.

Але тое, што Расіі ўдалося ў дачыненні да Лукашэнкі і разам з Лукашэнкам, не азначае, што і наступны раз РФ гэтак жа пашанцуе. Таму існуюць межы ўплыву Расіі. Не відавочна, што Расія з лёгкасцю зможа падпарадкаваць сабе Беларусь наступным разам.

У Беларусі даволі шмат, будзем шчырымі, палітычных лідараў, якія, безумоўна, гатовыя ўзяць на сябе і адказнасць, і ўладу, і вылучыцца на пасаду прэзідэнта. Зразумела, што гэтае пытанне будзе вырашацца на выбарах, але якраз складаней вызначыць, хто ў Расіі можа прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта, калі абставіны дазволяць. А што да Беларусі, мы ведаем, што кандыдатаў шмат, і, можа, гэта пытанне меркавання: хтосьці можа быць лепшы, хтосьці горшы, але ніхто з іх не плануе быць прарасійскім дыктатарам.

Юрый Фельштынскі лічыць, што спыніць вайну Расіі супраць Украіны могуць удары па Маскве:

— У Расіі чалавечае жыццё нічога не варта, гэта і так усе ведаюць. Расія пры гэтым краіна вялікая, багатая, у Крамля ёсць грошы на вайну, у РФ ёсць сыравіна, якую яна можа прадаваць за мяжу і фінансаваць гэтую вайну. Таму пры ўсіх шматлікіх абмежавальных мерах, якія ўводзяцца супраць Расіі, зразумела, што праз санкцыі спыніць гэтую вайну нельга.

Расія — краіна аднаго горада, гэты горад Масква. І абсалютна ўсё ў РФ вызначае Масква і залежыць ад яе. І вайну нельга выйграць, калі вы не маеце права наносіць удары па тэрыторыі праціўніка. Украіне дазвалялася выкарыстоўваць заходнюю зброю для нанясення ўдараў па ўласнай акупаванай тэрыторыі. Гэта было цалкам вар’яцкае абмежаванне.

Паступова яно здымалася, ужо ў самым канцы кіравання Байдэна (калі Харыс прайграла выбары, але ён яшчэ заставаўся прэзідэнтам) ён нарэшце зняў абмежаванне на забарону выкарыстоўваць заходнюю зброю для удараў па тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, апроч Масквы. Аднак цалкам відавочна, што адзіная балючая кропка, галоўны нерв, самае ўразлівае месца, ахілесава пята — як заўгодна можна называць — гэта менавіта Масква. Усе гэтыя гады і амерыканцы, і еўрапейцы забаранялі Украіне разглядаць пытанне аб нанясенні ўдараў па Маскве.

Калі будзе палітычнае рашэнне, калі будзе разуменне таго, што для таго, каб спыніць гэтую вайну, трэба змяніць яе фармат, біць па Маскве, тады ў Пуціна з’явяцца прычыны сесці за стол перамоваў.

Дарэчы, я не думаю, што за гэты стол перамоваў сядзе Пуцін, але змяненне гэтага фармату вайны прывядзе да таго, што не Пуцін будзе заставацца ў прэзідэнцкім крэсле, а туды сядзе нейкі іншы чалавек. Будзе прасцей пачаць перамовы. З гэтага не вынікае, што гэтыя перамовы будуць праходзіць лёгка, што вайна скончыцца за адзін дзень, але з гэтага будзе вынікаць, што ў Расіі з’явяцца прычыны разглядаць пытанне аб заканчэнні гэтай вайны.

Апошнія навіны