Intelligence Online: КДБ Беларусі фактычна выступае падрадчыкам ФСБ РФ
- 21.01.2026, 23:06
Супрацоўнікі КДБ Беларусі адыгрываюць значную ролю ў гібрыдных аперацыях Масквы супраць Украіны і краін ЕС.
Беларускі КДБ, як сцвярджае французскае выданне Intelligence Online (пераклад — «Белсат»), адыгрывае значную ролю ў гібрыдных аперацыях Масквы супраць Украіны і краін Еўрапейскага саюза. Паводле інфармацыі выдання, Мінск фактычна выступае падрадчыкам ФСБ па вербаванні грамадзян Украіны для дыверсійнай дзейнасці.
У матэрыяле Intelligence Online, на які звярнула ўвагу выданне Reform.news, адзначаецца, што ўкраінскія і заходнія спецслужбы адсочваюць актыўнасць КДБ Беларусі на тле росту колькасці сакрэтных аперацый і дыверсій, якія расійскія спецслужбы праводзяць у Еўропе. Паводле звестак крыніц французскага выдання ў некалькіх разведслужбах, апытаных журналістамі, структура, якую ўзначальвае Іван Цертэль, усё часцей выкарыстоўваецца Масквой для працы з маладымі ўкраінцамі.
Маяцца на ўвазе іх вербаванне з мэтай правядзення дыверсій як ва Украіне, так і на тэрыторыі ЕС. Такіх людзей лічаць «зручнымі мішэнямі», бо яны могуць адносна свабодна перамяшчацца па Еўропе, а ў выпадку правалу або затрымання іх можна выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах, у тым ліку для падрыву заходняй падтрымкі Украіны.
Як адзначаецца ў матэрыяле, у некаторых выпадках украінскія спецслужбы фіксавалі пункты на мяжы з Беларуссю, дзе грамадзяне Украіны сустракаліся са сваімі куратарамі. Назіранне за гэтымі ўчасткамі, паводле ўкраінскай крыніцы, ужо прывяло да некалькіх затрыманняў маладых людзей, падазраваных у сувязях з КДБ.
Аднак перасячэнне мяжы, падкрэсліваюць аўтары, не з’яўляецца асноўным механізмам вербавання. У большасці выпадкаў кантакт усталёўваецца дыстанцыйна — праз інтэрнэт і мэсэнджары, у першую чаргу Telegram. Пры гэтым Беларусь ужо разглядаецца заходнімі спецслужбамі як транзітная тэрыторыя для аператыўнікаў, што прыбываюць з Расіі і накіроўваюцца ў краіны Еўрапейскага саюза.
У якасці прыкладу Intelligence Online згадвае справу Максіма Двірніка — грамадзяніна Украіны, затрыманага ў чэрвені 2024 года ў Францыі. Ён трапіў у Еўропу праз Беларусь і Польшчу, а пазней быў арыштаваны пасля таго, як у гатэлі ў яго выбухнула самаробная бомба.
Удзел беларускага КДБ у дыверсійных аперацыях супраць Еўропы застаецца адчувальнай тэмай для заходніх разведслужбаў. Асобную ўвагу, адзначаецца ў публікацыі, прыцягвае і фігура Івана Цертэля, якога разглядаюць як адну з кантактных асоб у больш шырокім кантэксце расійска-ўкраінскай вайны.
Нагадаем, што на перамовах з амерыканскім бокам, дзе абмяркоўваюцца зняцце санкцый з Беларусі і вызваленне палітвязняў, апошнім часам часта прысутнічае кіраўнік беларускага КДБ. Яго ўжо называюць другім па значнасці спікерам у краіне ў пытаннях знешняй палітыкі.