Колькі беларусаў карыстаюцца ШІ
- 21.01.2026, 22:50
Наша краіна апынулася паміж Венесуэлай і Кыргызстанам.
У Microsoft прааналізавалі распаўсюджанасць выкарыстання штучнага інтэлекту ў свеце і склалі адпаведны рэйтынг краін.
Беларусь заняла ў ім 116-е месца. Усяго ў спісе прадстаўлена каля 150 эканомік, перадае «Точка».
Паводле даных за другое паўгоддзе 2025-га інструменты генератыўнага ШІ выкарыстоўвалі 16,3% насельніцтва планеты. Гэта значыць прыкладна кожны шосты чалавек.
У першым паўгоддзі паказчык быў на 1,2% ніжэй, адзначылі спецыялісты кампаніі ў сваім даследаванні.
Хоць распаўсюджанне ШІ расце, яно ўсё ж ідзе нераўнамерна. У публікацыі Microsoft асобна пазначаны паказчыкі па паўшар'ях: у паўночным інструментамі нейрасетак карыстаюцца 24,7% працаздольнага насельніцтва, у паўднёвым — 14,1%.
Як адзначаецца ў даследаванні, топ узначалілі краіны, якія на ранніх этапах інвеставалі ў лічбавую інфраструктуру, навучанне навыкам у галіне ШІ і яго ўкараненне.
На першым месцы размясціліся Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, дзе штучным інтэлектам у другой палове 2025-га карысталіся 64% дарослых жыхароў.
Далей ідуць Сінгапур (60,9%), Нарвегія (46,4%), Ірландыя (44,6%), Францыя (44%) і Іспанія (41,8%).
Колькі беларусаў карыстаюцца ШІ
Паводле даных за другое паўгоддзе 2025-га ў Беларусі ШІ-інструменты выкарыстоўваюць 8,4% працаздольнага насельніцтва. Гэта прыблізна кожны дванаццаты дарослы чалавек.
З гэтым паказчыкам Беларусь размясцілася на 116-й пазіцыі ў глабальным рэйтынгу па выкарыстанні нейрасетак.
Гэта яшчэ не самы канец спісу, але ўсё ж у нашай краіне ўзровень укаранення ШІ не такі высокі. На адну пазіцыю вышэй — Венесуэла (9%), ніжэй ідуць Кыргызстан (8,2%), Кенія (8,1%) і Расія (8%).
Усяго ў справаздачы разглядаецца каля 150 эканомік.
У Microsoft звярнулі ўвагу, што беларусы актыўна карыстаюцца кітайскай нейрасеткай DeepSeek. Найбольш яна распаўсюджаная на радзіме.
Аднак у справаздачы падкрэсліваецца, што паводле частаты выкарыстання гэтай платформы Беларусь знаходзіцца на другім месцы ў свеце пасля Кітая.