У Беларусі рыхтуюць абмежаванні па абортах
- 21.01.2026, 15:32
У Міністэрстве аховы здароўя раскрылі падрабязнасці.
Міністэрства аховы здароўя прапанавала ўвесці абмежаванні на аборты ў Беларусі. Выконваць гэтую працэдуру плануюць забараніць у прыватных медыцынскіх цэнтрах. Пра гэта заявіў 21 студзеня кіраўнік ведамства Аляксандр Ходжаеў, піша «Тэлеграф».
Адказваючы на пытанне «дэпутата» Аляксандра Шыпулы аб заканадаўчых зменах у сферы рэпрадуктыўнага здароўя беларусаў, міністр распавёў пра новы заканапраект, які ўжо знаходзіцца на разглядзе ў «палаточнікаў». Паводле слоў Ходжаева, ягонае ведамства прапанавала ўключыць у праект распрацоўванага Кодэкса аб ахове здароўя норму пра тое, каб аборты праводзіліся толькі ў дзяржаўных клініках.
Гэтае патрабаванне Ходжаеў патлумачыў ведамаснай статыстыкай па якасці перадабортнага кансультавання. Паводле ягоных слоў, выніковасць такіх кансультацый у дзяржаўных установах аховы здароўя «значна вышэйшая», чым у прыватных (г.зн. там часцей адгаворваюць жанчын рабіць аборт і ўгаворваюць захаваць цяжарнасць).
Паводле даных, агучаных міністрам, у прыватных клініках гэты паказчык складае ўсяго 20%, а ў дзяржаўных — ад 35 да 40%, што міністр ацаніў як «добрую станоўчую працу».
«Гэта сведчыць пра тое, што патрэбны кантроль, яго ўзмацненне», — патлумачыў Ходжаеў гэтую ініцыятыву Міністэрства аховы здароўя.
Яшчэ адна ініцыятыва па абортах, якая пакуль толькі прапрацоўваецца ведамствам, датычыцца скарачэння тэрміну, на якім перапыніць цяжарнасць лекары могуць па жаданні самой жанчыны, без строгіх медыцынскіх паказанняў. Цяпер аборты дазволены на тэрміне да 12 тыдняў, прапануецца скараціць гэты тэрмін да 9 тыдняў.