Жыхар Дзяржынска выкраў мужа сваёй каханай
- 21.01.2026, 14:16
Ён прымусіў пацярпелага залезці ў багажнік і вывез за горад.
Суд Дзяржынскага раёна вынес прысуд жыхару райцэнтра, які прымусіў мужа сваёй каханай залезці ў багажнік і вывез за горад, піша «Узвышша».
Інцыдэнт адбыўся 9 верасня. 22-гадовая замужняя гараджанка жыла з мужам асобна праз «складаныя адносіны», але ў пэўны момант вырашыла пагаварыць з ім. Пры гэтым прысутнічаў яе 26-гадовы каханак.
Падчас сустрэчы паміж сужэнцамі ўспыхнула слоўная перапалка. Новы каханы жанчыны, не стрымаўшы эмоцый, перайшоў да радыкальных дзеянняў. Ён схапіў законнага мужа за шыю, сілай падавёў яго да свайго аўтамабіля і пагрозамі прымусіў залезці ў багажнік іншамаркі. Спалохаўшыся за сваё жыццё, той быў вымушаны падпарадкавацца.
Малады чалавек закрыў мужчыну ў багажніку, вывез за межы Дзяржынска, пасля чаго выпусціў і з'ехаў, пакінуўшы яго самога ў безлюдным месцы. Пацярпелы звярнуўся ў міліцыю.
Яго крыўдзіцеля судзілі за незаконнае пазбаўленне волі (ч. 1 арт. 183 КК) і прызначылі два гады абмежавання волі з накіраваннем у выпраўчую ўстанову адкрытага тыпу без штрафу.