Амерыканскі гісторык патлумачыў мяцеж Прыгожына з нечаканага боку
- 21.01.2026, 14:41
На чыім баку быў кіраўнік ПВК «Вагнер»?
Вядомы амерыканскі гісторык і пісьменнік Юрый Фельштынскі лічыць, што кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын, які 24 чэрвеня 2023 года распачаў паход на Маскву, не быў самастойнай фігурай.
Пра гэта Юрый Фельштынскі распавёў, адказваючы на пытанні з залы пасля прэзентацыі сваёй новай кнігі «Беларусь Наталлі Радзінай», якая адбылася 16 студзеня ў варшаўскім Цэнтры Анджэя Вайды:
— Тое, што адбылося з Прыгожыным, — гэта канфлікт паміж ФСБ як структурай і апаратам прэзідэнта Расіі.
Не трэба глядзець на Прыгожына як на незалежную асобу. Паверце, былы крымінальнік, які выйшаў з лягера, стаў кухарам Пуціна, атрымаў доступ да яго стала, меў права наліваць віно і прэзідэнту Расіі, і замежным прэзідэнтам, уключаючы Буша, не мог не быць завербаваным агентам ФСБ. Гэта абсалютна немагчымая рэч. Чалавек, які атрымлівае доступ да стала прэзідэнта Расіі, не можа быць проста былым крымінальнікам.
Такога не бывае. Насамрэч канфлікт паміж Прыгожыным і Шайгу — гэта канфлікт паміж ФСБ і арміяй за падзел мільярдных бюджэтаў, якія выдавалі Прыгожыну для фармавання ПВК, якая называлася «Вагнер». Мы ж павінны ўсё ж такі разумець, што ў Расіі не можа існаваць прыватнай арміі. Гэта немагчымая рэч для дзяржавы, якую кантралюе ФСБ. Таму новага Прыгожына, думаю, быць не можа. Не думаю, што ён можа з’явіцца.