Трамп: Мы распрацуем план па Грэнландыі, які задаволіць НАТА
- 21.01.2026, 12:16
Прэзідэнт ЗША заінтрыгаваў заявай.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ЗША распрацуюць план урэгулявання ўласнасці на Грэнландыю, які задаволіць НАТА.
Заяву Трамп зрабіў падчас прэс-канферэнцыі ў Белым доме.
«Я думаю, што мы распрацуем нешта, чым будзе вельмі задаволена НАТА і чым будзем вельмі задаволены мы, але гэта патрэбна нам з меркаванняў бяспекі. Гэта патрэбна нам для нацыянальнай бяспекі і нават для сусветнай бяспекі. Гэта вельмі важна», — заявіў Трамп.
Падрабязнасцяў пра гэты план ён не паведаміў.
Таксама Трамп заявіў пра гатоўнасць ужыць дадатковыя інструменты ціску на краіны, якія выступаюць супраць ягонай ініцыятывы па набыцці Грэнландыі, акрамя ўжо абвешчаных гандлёвых тарыфаў.
Паводле яго слоў, менавіта тарыфы з'яўляюцца найбольш эфектыўным і хуткім механізмам уздзеяння. У той жа час ён не выключыў выкарыстання рэгуляторных і адміністрацыйных абмежаванняў, калі гэтага запатрабуе сітуацыя.
Прэзідэнт Амерыкі таксама выказаў перакананне, што насельніцтва Грэнландыі ў выніку падтрымае ідэю далучэння вострава да Злучаных Штатаў, нягледзячы на пратэсты і крытыку з боку іншых дзяржаў.
Паводле слоў Дональда Трампа, ён яшчэ не меў прамых кантактаў з жыхарамі вострава, аднак упэўнены ў станоўчай рэакцыі з іх боку пасля такіх размоў.