«Тры гадзіны ночы, цемра, холад — і тут мікрааўтобус на віцебскіх нумарах»
- 21.01.2026, 10:36
Беларусы расказалі пра ўзаемадапамогу падчас цыклону «Улі».
Студзень 2026-га стаў для беларусаў няпростым выпрабаваннем: цыклон «Улі» прынёс наймацнейшыя снегапады, транспартныя заторы, перабоі са святлом. У некаторых раёнах камунальныя службы ўсё яшчэ ліквідуюць наступствы.
Маштаб іх, адзначаюць эксперты, у значнай ступені выкліканы не толькі разбушаваннем стыхіі, але і хранічнай недафінансаванасцю ЖКГ. Але сумнеўна, што ўлады гэта прызнаюць.
Многія беларусы ў сацсетках адзначаюць, што зусім не трэба рабіць з уборкі снегу паказуху. Бо каштоўная дапамога не па разнарадцы, а ад сэрца да сэрца, калі сапраўды за землякоў бярэ гонар і гарачая падзяка.
«Салідарнасць» папрасіла сваіх чытачоў падзяліцца такімі гісторыямі — нашы суразмоўцы ўспомнілі не толькі «Улі», але і «Хаўер», тэорыю малых спраў, гучную аварыю з вадой і нават прыгоды за мяжой. Імёны ўсіх суразмоўцаў зменены ў мэтах бяспекі.
«За пару гадзін зрабілі прыгожа і зручна»
— Я таксама ўвесь час у сацсетках натыкаюся на пастановачныя ролікі пад песню, як беларусы чысцяць снег — у стылі «ні ў склад, ні ў лад, затое пра Лукашэнку», — смяецца Павел, жыхар раённага цэнтра на Міншчыне. — Адно з апошніх відэа — вывелі дзетак у садку з лапаткамі, нібыта расчышчаць пляцоўку. Дзеткі мілыя, а маніпуляцыі — танныя.
У нашым горадзе і я, і ўсе, хто мае вочы, выдатна бачылі, як працаўнікі гарвыканкама арганізавалі «снежны дэсант». Выйшлі пазіраваць і танцаваць з лапатамі там, дзе літаральна нядаўна ўжо прайшоў трактар! Смешна і няёмка.
А ў гэты час на ўскраінах жыхары пяціпавярховак ледзь выкарабкваліся з пад’ездаў.
Я спецыяльна пайшоў да бабулі расчысціць каля пад’езда і зразумеў, што гэта ні пра што — трэба вакол усяго дома да прыпынку хаця б сцежку пракласці. Паўгадзіны пыхцеў, потым выйшаў бабулін сусед, ён, здаецца, адстаўнік-ваенны. Пахмуры такі, нелюдзімы мужчына — а таксама паглядзеў на «цырк», які ўладкавалі чыноўнікі, плюнуў і моўчкі далучыўся да мяне. І мы за пару гадзін зрабілі прыгожа і зручна. Справа маленькая, а вынік рэальны.
Бабулькі і мамы з вазкамі так расчуліліся, прапаноўвалі нам і чай з ліпай, і піражкі. І вось гэта чалавечая ўдзячнасць і ўзаемная падтрымка ад людзей, якія звычайна толькі вітаюцца адно з адным, значна важней за бадзёрую паказуху з Лукашэнкам, які «задае тэмп» у сябе на падвор’і.
«…І тут мікрааўтобус на віцебскіх нумарах»
Мінчанка Аліна пацвярджае: у яе родным «спальніку» жыхары цудоўна самаарганізаваліся, не чакаючы заклікаў ЖЭСа. Проста таму, што разумелі: тэхнікі на ўсіх адразу не хопіць, а дварнікі, частка якіх немаладыя жанчыны, самі не справяцца.
— Вядома, многія бурчалі, куды ідуць нашы падаткі, — дадае яна, — але ўсё роўна суседзі ў дамавым чаце хутка дамовіліся.
Выйшлі і аўтамабілісты, і сабачнікі, і парочка спартсменаў памахаць лапатамі. А яшчэ ў нас па раёне праяжджаў мужчына на пазадарожніку, дапамагаў выцягваць машыны з абочын, якія моцна занесла снегам.
Я, шчыра кажучы, адразу ўспомніла гісторыю з вадой. Памятаеце, у чэрвені 2020-га здарылася аварыя, і адразу некалькі раёнаў Мінска засталіся без нармальнай пітной вады, а ўлады некалькі дзён нам хлусілі, што праблем няма, «толькі пах»? У крамах запасы хутка скончыліся, цыстэрнаў не ставала, чэргі да крыніц.
І нашы людзі, якія проста пачалі прывозіць ваду з іншых раёнаў: у бальніцы, дзіцячыя сады, да жылых дамоў. Я і тады плакала ад гонару за беларусаў, і цяпер слёзы навертаюцца. Бо гэта і ёсць сапраўдная салідарнасць. І хоць улады спрабуюць то «прыпісаць» яе сабе ў заслугу, то ўзначаліць — усе разумеюць, як яно насамрэч.
Аліна расказала і яшчэ адзін выпадак узаемадапамогі, які датычыўся яе асабіста:
— Гадоў 10–12 таму мы з сяброўкай жылі і працавалі ў Піцеры. Яксьці едзем у майскія выхадныя ад бацькоў на машыне разам са знаёмымі — і на Віцебскай трасе сярод ночы трапляем у аварыю, сутыкнуліся з кабанам. Гэта ўжо РФ, да найбліжэйшага населенага пункта ці хаця б запраўкі чорт ведае колькі, паліцыя на афармленне ДТЗ, як і эвакуатар, не спяшаецца, тры гадзіны ночы, цемра, холад. Мы ўжо змірыліся, што там і заночуем. І тут мікрааўтобус на віцебскіх нумарах — нашы, брыгада будаўнікоў на працу едзе.
Хлопцы спыніліся, спыталі, якая патрэбна дапамога — і падхапілі нас. Прычым не проста падвезлі з прыбаўткамі і гарачым чаем, а яшчэ ўдакладнілі, у які раён нам зручней. Вядома, гэта звычайная сітуацыя, думаю, гэтак жа дапамаглі б і іншыя кіроўцы ў межах «дарожнага брацтва». Але тое, што гэта аказаліся менавіта беларусы, мяне сагравае.
«Я ў запале гучна вылаялася, прычым чамусьці па-беларуску»
У Рэгіны гісторыя, як яна кажа, «замежна-адпачынкавая». Першы раз прыехаўшы ў госці да далёкіх родзічаў у Ізраілі, яна выбралася ў адзін з дзён паглядзець рынак, пагуляць — і заблудзілася:
— А тэлефон адна цыпа (я) забыла дома. Да таго ж я вельмі сарамлівая і англійскую ведала слаба, каб спытаць у людзей дарогу, а рускую, здаецца, ніхто не разумеў. Купіла сабе ці то сок, ці то ліманад і настройвалася, што рабіць далей.
І так раззлавалася на сябе, што ў запале гучна вылаялася. Прычым чамусьці па-беларуску, нешта тыпу «трасца табе ў бакі, што ж я такая доўбня дубовая!». І тут пажылы прадавец у суседнім латку расплываецца ў усмешцы: «Беларуска? Зямлячка!».
У мяне, відаць, быў вельмі ашалелы выгляд, ён пачаў таратарыць, што таксама беларус, з Мінска, жыў на Залатой Горцы і можа я ведаю гэтыя мясціны. Класны дзядзька аказаўся. У выніку закрыў лаўку і не толькі адвёз мяне па адрасе да родных, але і праз пару дзён яны з жонкай запрасілі нас на прагулку і зладзілі надзвычай цікавую экскурсію.
«На мае падзякі толькі ўсміхнуўся»
— Я не здзіўляюся навінам, як кіроўцы падвозілі дадому пасажыраў цягніка, які затрымаўся, — такое ж было і ў 2013-м, калі ў сакавіку здарыўся «Хаўер», і аўтамабілісты выехалі дапамагаць тым, хто засеў на трасе, — кажа мінчанка Вера. — Мне таксама падчас «Хаўера» вельмі дапамаглі.
У той дзень, калі стала зразумела, што надвор’е моцна псуецца, начальнік адпусціў раней усіх бацькоў з малымі дзецьмі — я памчалася забіраць сына з садка. Але ўсё адно трошкі не паспела: выходзім да варот, а ўжо мяце, снег б’е ў твар, сапраўдная бура. Думаю: кіну тут санкі, пацягну малога — яму хоць і 3 гады было, але ў зімовым камбінезоне такі цяжкаваты калабок.
Тут да пад’езда суседняга дома пад’яжджае пікап, выходзіць вышынны мужчына і бачыць гэтую карціну: мы з калабком тапчэмся каля брамкі. Ён падышоў, спытаў, ці далёка нам — а там усяго метраў 500 прайсці ўздоўж дарогі і наш дом каля метро, але яшчэ паспрабуй, дайдзі па сумётах.
Мужчына скамандаваў: «За мной!». Малога адной рукой падхапіў, санкі другой — і пайшоў па амаль занесенай сцежцы, вялікі і спакойны, як ледакол. Давёў нас да самага пад’езда, загадаў ісці сагравацца і на мае падзякі толькі ўсміхнуўся.
Цяпер сыну амаль 16, гэта малады мядзведзь вышэйшы за мяне і шырэйшы ў плячах. Тую гісторыю ён, вядома, не памятаў — але калі пачаўся «Улі» з мяцеліцай, я ўспомніла і расказала.
Ён так уражаўся, што падгаварыў тату і нават пару сяброў, і мінулыя выхадныя, акурат напярэдадні працоўнага тыдня, яны расчысцілі дарожкі да брамак каля таго самага дзіцячага садка.