BE RU EN

Новая чыгуначная катастрофа ў Іспаніі: на рэйкі абрынулася сцяна

  • 21.01.2026, 9:13

Пацярпелі 37 чалавек, загінуў машыніст цягніка.

У Іспаніі адбылася другая за некалькі дзён чыгуначная катастрофа са смяротным зыходам. Недалёка ад Барселоны прыгарадны цягнік сышоў з рэек — з‑за моцных дажджоў на шляху абрынулася падпорная сцяна. У выніку аварыі загінуў машыніст, яшчэ чатыры пасажыры атрымалі цяжкія траўмы, паведамляе Reuters.

Інцыдэнт адбыўся ўвечары 20 студзеня ў Гелідзе ў ваколіцах Барселоны. Паводле слоў інспектара рэгіянальнай пажарнай службы Каталоніі Клаўдыё Гальярда, усяго пацярпелі 37 чалавек, чацвёра з іх у цяжкім стане. Усе пасажыры былі эвакуяваныя з цягніка. Чыгуначны рух па ўсёй Каталоніі быў часова прыпынены.

Адзначаецца, што ўчастак, дзе сышоў прыгарадны цягнік, даўно вядомы хранічным недафінансаваннем чыгуначнай інфраструктуры і рэгулярнымі інцыдэнтамі.

Аўарыя пад Барселонай адбылася ўсяго праз два дні пасля буйной чыгуначнай катастрофы на поўдні Іспаніі — недалёка ад Адамуса ў правінцыі Кардоба, дзе ў выніку сутыкнення і сходу з рэек хуткаснага цягніка загінулі 42 чалавекі.

Акрамя таго, увечары 20 студзеня было зафіксавана яшчэ адно здарэнне на лініі прыгарадных зносін: рух цягнікоў паміж Бланесам і Масанет-Масанэсам на поўдзень ад Жыроны быў прыпынены з‑за сходу колавай пары цягніка з рэек, паведаміў аператар чыгуначнай інфраструктуры.

Апошнія навіны