BE RU EN

Пуцін апынуўся перад складаным выбарам

  • Сяргей Таран
  • 21.01.2026, 9:01

Гэтую дылему і спрабуе выкарыстаць Трамп.

Стратэгія планавання вайны ў Пуціна скарацілася да шасці месяцаў. Улетку — уся надзея на тое, што летняе наступленне абрыне фронт Украіны, узімку — на тое, што ўдары па энергетыцы абрынуць украінскі тыл. І так ужо — не першы год. Што будзе, калі план праваліцца, — Пуцін думаць не хоча, бо добрых сцэнарыяў для Расіі там няма.

Пагаджацца на паўзу ў вайне — значыць сутыкнуцца з каласальнымі рызыкамі ўнутры краіны, калі сфашызаванаму насельніцтву давядзецца тлумачыць, чаму «СВА не дасягнула мэтаў». Вядома, тут можна было б уключыць прапаганду і абвясціць «перамогу», але ёсць яшчэ эканоміка, якую падмануць цяжэй, і якая на скуры расіян будзе даказваць, што рынкі страчаныя, даўгі велізарныя, а цэны высокія.

Дылему Пуціна, як ні дзіўна, добра разумее і па-свойму спрабуе выкарыстаць Трамп, які ў выпадку міру прапануе Пуціну свой асабісты «план Маршала» — сумесныя эканамічныя праекты, што прынясуць яму прыбытак і залепяць дзіркі ў расійскім бюджэце.

Але гэта азначае, што Пуціну цяпер даводзіцца выбіраць: або быць васалам Кітая сёння, калі вайна залежыць ад таго, колькі Кітай купіць нафты і перадасць тэхналогій падвойнага прызначэння, або — быць васалам ЗША заўтра, калі Трамп возьме пад кантроль распрацоўку расійскіх рэсурсаў.

Будучы латэнтным неданацыстам, Пуцін, верагодна, усё ж выбраў бы ЗША, а не Кітай. Але ніхто не ведае, колькі той Трамп будзе пры ўладзе, бо ў ЗША, у адрозненне ад Кітая, адбываюцца выбары, якія могуць змяніць прэзідэнта, а адпаведна і ўсе дамоўленасці разам з ім.

Таму Пуцін ужо не ўпершыню проста выбера не выбіраць.

А адпаведна і чарговы раунд перамоваў у Маямі пакуль нічым не завершыцца. Хаця Украіна і павінна ўпарта праводзіць падобныя сустрэчы з амерыканцамі, каб паказаць гатоўнасць да міру, захаваць пастаўкі зброі і задаволіць эга Трампа, які, як капрызнае дзіця, калекцыянуе па ўсім свеце пустыя фанцікі кампліментаў.

Сяргей Таран, «Фэйсбук»

Апошнія навіны