Іспанія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў
- 21.01.2026, 8:32
Для выдачы любых дазволаў і статусаў на тэрыторыі краіны.
Іспанія будзе прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў. Пра гэта паведамляе «Зеркало» са спасылкай на інструкцыю Генеральнага дырэктара па міграцыі і Генеральнага камісара ў справах замежнікаў і межаў Іспаніі.
Пашпарты грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца ў Іспаніі, будуць прызнаваць сапраўднымі нават пасля заканчэння тэрміну дзеяння — без неабходнасці атрымліваць cédula de inscripción (пасведчанне аб рэгістрацыі).
«Для афармлення на тэрыторыі краіны грамадзянамі Беларусі, якія на дату падачы знаходзяцца ў Іспаніі, любых дазволаў і статусаў, прадугледжаных заканадаўствам у справах замежнікаў, а таксама для выдачы і ўручэння карты ідэнтыфікацыі замежніка, дапускаецца прадстаўленне пратэрмінаванага пашпарта», — гаворыцца ў інструкцыі дзяржаўных органаў Іспаніі.