BE RU EN

У Кобрыне выставілі на продаж будынак сінагогі XVIII стагоддзя

  • 20.01.2026, 19:46

Сінагога з’яўляецца адной з найбуйнейшых у Беларусі.

У Кобрыне зноў выставілі на продаж будынак адной з найбуйнейшых сінагог Беларусі — помнік XVIII стагоддзя. Будынак прадаецца за даўгі кампаніі «Жилбудкомплект», вядомай незавершаным жыллёвым праектам у Мінску. Цяпер аб’ект з’явіўся на пляцоўцы «БелЮрОбеспечение», а яго кошт істотна зменшыўся, піша «Смартпресс».

Сінагога знаходзіцца ў Кобрыне, па адрасе вуліца Першамайская, 40. Агульная плошча будынка — 1068 квадратных метраў. Гэта мураванае культавае збудаванне з мансардай і некалькімі прыбудовамі. Пры гэтым будынак мае статус помніка гісторыка-культурнай спадчыны.

Сінагога была пабудавана ў XVIII стагоддзі, калі яўрэйская супольнасць складала значную частку насельніцтва Кобрына. Да вайны ў горадзе дзейнічала больш за сем сінагог, але пасля Другой сусветнай захавалася толькі гэтая. Падчас нямецкай акупацыі будынак стаў цэнтрам гета, куды зганялі яўрэяў з наваколля.

Пасля вайны сінагога перастала выкарыстоўвацца па рэлігійным прызначэнні: каштоўнасці вывезлі, а памяшканні прыстасавалі пад гаспадарчыя патрэбы. У розныя гады тут размяшчаліся вытворчыя аб’екты, а ў 1980‑х у будынку працаваў цэх па выпуску піва і безалкагольных напояў Кобрынскага кансервавага завода. З 1990‑х гадоў будынак пачаў паступова разбурацца.

Раней абмяркоўваліся планы аднаўлення сінагогі — меркавалася стварыць тут культурны цэнтр яўрэйства Заходняй Беларусі, музей гісторыі і этнаграфіі, а таксама дзейную сінагогу, але гэтыя задумы так і не былі рэалізаваныя.

Прычына продажу — фінансавыя праблемы былога ўладальніка. Кампанія «Жилстройкомплект» не выканала абавязацельствы перад сотнямі дольшчыкаў у Мінску, пасля чаго яе кіраўнікі былі асуджаныя, а маёмасць была выставлена на таргі.

Разам з будынкам новы ўладальнік атрымае зямельны ўчастак плошчай 57 сотак, які можна выкарыстоўваць толькі для рэлігійных (культавых) мэтаў. Электронныя таргі прызначаныя на 3 лютага, пачатковы кошт складае 122 тысячы рублёў — значна менш, чым летась, калі сінагогу спрабавалі прадаць за 600 тысяч.

Апошнія навіны