BE RU EN

Навукоўцы: да Зямлі набліжаецца касмічны аб’ект дыяметрам 10 кіламетраў

  • 20.01.2026, 17:41

Калі і як яго ўбачыць.

Сёння, 20 студзеня, камета C/2024 E1 (Wierzchos) наблізіцца да Сонца на максімальна блізкую адлегласць, вядомую як перыгелій. Яна будзе знаходзіцца на адлегласці, якая складае крыху больш за палову адлегласці ад Зямлі да Сонца, што прывядзе да значнага павелічэння яе яркасці.

Пазней камета наблізіцца да Зямлі. Але ці можна будзе ўбачыць яе няўзброеным вокам? Пра гэта паведамляе Space.

Астраномы ўпершыню выявілі камету C/2024 E1 (Wierzchos) у 2024 годзе. Першапачатковыя ацэнкі памеру ядра каметы паказалі, што яго дыяметр прыкладна 13 кіламетраў. Пазнейшыя назіранні ў 2025 годзе паказалі, што памер ядра каметы складае ад 2 да 10 кіламетраў. Больш дакладна вызначыць яе памер могуць дапамагчы назіранні за каметай, калі яна будзе знаходзіцца на блізкай, паводле касмічных меркаў, адлегласці ад Сонца і Зямлі.

Лічыцца, што гэтая камета прыбыла з воблака Оорта — структуры, якая апаясвае Сонечную сістэму і напоўненая ледзянымі аб’ектамі.

У аўторак, 20 студзеня, камета C/2024 E1 (Wierzchos) будзе знаходзіцца на адлегласці амаль 85 мільёнаў кіламетраў ад Сонца ў пункце сваёй арбіты, вядомым як перыгелій. То бок камета будзе знаходзіцца на мінімальнай адлегласці ад Сонца, і гэта адбудзецца а 21:24 па Мінску.

Чакаецца, што ў перыгеліі спалучэнне блізкасці каметы да Сонца і ўплыву нашай зоркі на яе павялічыць яе яркасць, а значыць палепшыць яе бачнасць у начным небе.

Цяпло ад Сонца выпарвае ледзяныя рэчывы з ядра каметы, таму ў космас вылятае вялікая колькасць газу і пылу, якія ўтвараюць кому, гэта значыць абалонку вакол ядра каметы. Зараджаныя часціцы, што выходзяць ад Сонца, уносяць гэта рэчыва — так узнікае характэрны хвост каметы. Кома каметы адлюстроўвае больш сонечнага святла, таму яркасць ледзянага аб’екта павялічваецца.

Паводле разлікаў астраномаў, пікавая яркасць каметы, або яе зорная велічыня, 20 студзеня будзе складаць +8,1 (чым меншая лічба, тым ярчэйшы аб’ект на начным небе). Гэта азначае, што камету C/2024 E1 (Wierzchos) нельга будзе ўбачыць няўзброеным вокам, бо людзі могуць бачыць без дапамогі тэлескопаў і бінокляў толькі тыя касмічныя аб’екты, чыя зорная велічыня не перавышае +6,5. Пры гэтым патрэбнае вельмі цёмнае неба. Але камету C/2024 E1 (Wierzchos) можна будзе ўбачыць з дапамогай невялікага тэлескопа або бінокля.

Назіральнікі ў Паўночным паўшар’і атрымаюць яшчэ адну магчымасць убачыць гэтую камету падчас яе максімальнага збліжэння з Зямлёй 17 лютага, калі яна пройдзе на адлегласці крыху больш за 148 мільёнаў кіламетраў. Гэта прыблізна на 2 мільёны кіламетраў менш за адлегласць паміж Зямлёй і Сонцам. Камета будзе бачная нізка над паўднёва-заходнім гарызонтам пасля заходу сонца, але будзе мець зорную велічыню +8,9, як сведчаць разлікі. Чым далей камета ад Сонца, тым больш цьмянай яна становіцца.

Апошнія навіны