Перакачка нафты на расійскіх НПЗ апусцілася да мінімуму за 16 гадоў
Падзенне перакачкі нібыта звязана з пазапланавымі рамонтамі на НПЗ.
У 2025 годзе перакачка нафты на нафтаперапрацоўчых заводах Расіі дасягнула мінімуму з 2010 года і знізілася да 228,34 млн тон, паведамляе «Коммерсантъ».
Паводле дадзеных СМІ, падзенне перакачкі нібыта звязана з пазапланавымі рамонтамі на НПЗ пасля «шэрагу знешніх уздзеянняў» у другой палове 2025 года.
Так, з жніўня па лістапад 2025 года на НПЗ сумарна паступіла 85,9 млн тон нафты супраць 90 млн тон за аналагічны перыяд 2024 года. Менавіта ў гэты перыяд было зафіксавана «большасць інцыдэнтаў» на расійскіх НПЗ. Верагодна, маюцца на ўвазе атакі ўкраінскіх беспілотнікаў на нафтаперапрацоўчыя заводы.
Згодна з ацэнкай аналітыкаў кампаніі Argus, найбольш прыкметна ў 2025 годзе скараціліся адгрузкі нафты на прадпрыемствы «Роснефть» — найбуйнейшага ў Расіі перапрацоўшчыка. Загрузка НПЗ кампаніі скарацілася на 7,8% — да 70,76 млн тон. Іншыя расійскія нафтавыя кампаніі крыху павысілі трубаправодныя адгрузкі на свае НПЗ.
Паводле звестак выдання, на загрузцы НПЗ негатыўна маглі адбіцца і экспартныя абмежаванні. У верасні 2025 года ўрад забараніў экспарт бензіна і дызельнага паліва для ўсіх удзельнікаў рынку.
Рэгулярныя атакі на расійскую нафтагазавую інфраструктуру пачаліся яшчэ ў 2024 годзе, але з жніўня 2025 года іх стала больш. За перыяд з жніўня па лістапад былі зафіксаваныя ўдары як мінімум па 77 аб’ектах, што амаль у два разы больш, чым за першыя сем месяцаў 2025 года.