BE RU EN

Зяленскі выказаўся аб Савеце міру Трампа

  • 20.01.2026, 15:02

Расія і беларускі рэжым — гэта «савет вайны».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што Расія з'яўляецца ворагам Украіны. І таму кіраўнік дзяржавы не ўяўляе, як Украіна можа ўдзельнічаць у якім-небудзь савеце, дзе прысутнічае РФ, якая выступае за вайну супраць украінскай дзяржавы. Пра гэта прэзідэнт Украіны адказаў на пытанне unian.net падчас анлайн-брыфінгу для журналістаў у WhatsApp.

Зяленскі пацвердзіў, што Украіна атрымала запрашэнне далучыцца да «Савета міру» прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

«Вы ведаеце, запрашэнне мы атрымалі. Дыпламаты працуюць над гэтым запрашэннем», — падкрэсліў Зяленскі.

Таксама прэзідэнт паведаміў, як ён ставіцца да таго, што нібыта ў гэты «Савет міру» таксама запрашаюць Расію і Беларусь. Зяленскі адзначыў:

«Па-першае, шчыра кажучы, Расія — наш вораг. Беларусь — іх саюзнік. Мне, шчыра кажучы, пакуль што вельмі складана ўявіць, як мы з Расіяй можам быць разам у тым ці іншым савеце. І гэта не тычыцца гэтага Савета міру. Проста Расія — гэта савет вайны. І Беларусь разам з імі, а менавіта рэжым Лукашэнкі».

Апошнія навіны