«Гэта лёгка і проста»
- 20.01.2026, 11:19
Беларуска расказала, як па дзяржаўнай страхоўцы з’ездзіла ў санаторый у Польшчы.
Яна трапіла ў польскі санаторый з чатырохгадовай дачкой па дзяржаўнай медыцынскай страхоўцы NFZ. Накіраванне выпісаў педыятр: дзяўчынцы выдалілі адэноіды, а яшчэ ў яе часта здараліся атыты. Сваімі ўражаннямі жанчына, якая цяпер жыве ў Польшчы, падзялілася ў Threads, заўважыў Most.
Паводле слоў Яны, яна ўжо даўно збіралася атрымаць накіраванне, а «як даведалася, што ў Польшчы гэта так лёгка і проста, дык адразу пайшла да ўрача».
У педыятра яна запоўніла адпаведную анкету, далей з дачкой здалі «мінімальныя аналізы». Да заяўкі жанчына далучыла дакументы пра перанесеную дзяўчынкай аперацыю і атыты. Яна ўдакладніла, што дакументы патрэбныя, каб абгрунтаваць патрэбу ў санаторыі, інакш могуць адмовіць. Браць такія накіраванні можна не толькі на дзяцей, але і на дарослых.
«А далей проста чакаць, ці ўхваляць паездку і ў які санаторый накіруюць», — расказала яна.
Ім з дачкой далі пуцёўку ў Cegielski на Балтыцы. Гэта не заняло шмат часу.
«Лепш бы з такой хуткасцю картку побыту (від на жыхарства — Заўв.) выдавалі», — пажартавала Яна.
«Спіс працэдур вельмі лайтовы»
У санаторыі некалькі рэчаў жанчыну здзівілі. Па-першае, тое, што на сняданак і вячэру даюць у асноўным бутэрброды. Яна тлумачыць гэта тым, што палякі «прывыклі так есці, а для нас гэта вельмі некамфортна».
«Я ўжо бачыць [бутэрброды] не магу», — прызналася яна.
Па-другое, у санаторыі, куды паехалі Яна і яе дачка, ёсць аніматар, у якога ў гульнявой пакоі можна пакінуць дзіця. Там праводзяць заняткі.
«Спіс працэдур вельмі лайтовы ў параўнанні з тым, што я бачыла ў санаторыі ў РБ», — падзялілася ўражаннямі жанчына.
З’ехаць з санаторыя раней за тэрмін можна, але тады давядзецца заплаціць за кожны астатні дзень па 200 злотых.