«На куплю рыбы трэба браць крэдыт»
- 20.01.2026, 9:50
Беларусы замерылі «народную інфляцыю».
«Салідарнасць» спытала ў беларусаў, што даражэе на прылаўках найбольш заўважна. Высветлілася, што не толькі асобныя прадукты. Імёны ўсіх суразмоўцаў зменены.
Адзін з суразмоўцаў згадвае, што некаторыя ў ягоным асяроддзі жартуюць: на куплю рыбы трэба браць крэдыт. А яшчэ некаторыя адзначаюць, што інфляцыя з'ядае зберажэнні ў валюце.
Наталля, 53 гады
— Мы ж цяпер нібыта разбагацелі, нават калі перавесці заробкі ў валюту. Але па ходу п'есы, як толькі пераводзіш і цэны ў валюту, выходзіць нейкі жах. Львіная доля даходу сыходзіць на прадукты. І я не кажу пра марскія далікатэсы кшталту грабеньчыкаў. Напрыклад, філе сёмгі каштуе каля 90 рублёў за кг — гэта 30$. Упакоўка чэры — 15 рублёў.
І цэны пастаянна змяняюцца. Перад Новым годам прасэка было вельмі дарагое. Таму мы пілі беларускае. Ікру куплялі па акцыі — маленькі слоічак. А яшчэ пастаянна даражэе віно. За тры тыдні цана можа падскочыць на 10%. Зараз, здаецца, змяніліся квоты, таму віна будзе менш, і яно будзе даражэй. Таму раз на месяц купляю і ставлю ў куточак. Мала што — раптам захочацца…
Дарэчы, зноў стала квестам знайсці добрую бульбу. Уся зялёная.
Сяргей, 44 гады
— Мы ж беларусы, у нас заўсёды валюта ў галаве. Пра прадукты скажу так — яны дакладна не таннеюць. Мы купляем стандартны набор, бо харчавацца цяпер вельмі дорага. У нас нават пайшоў жарт: «Бяру крэдыт» — «На што?» — «Скумбрыю купіць хачу». Рыба вельмі дарагая, цяпер гэта далікатэс. Свежымарожаная скумбрыя па 20 рублёў за кг. Капчаная — 40–48 рублёў. Кальмар — 22 рублі. Нават мойва дарагая.
Што да пераводу беларускіх рублёў у долары, то Сяргей распавядае на прыкладзе куплі кватэры і яе ўладкавання:
— Мы нядаўна ўзялі кватэру ў крэдыт. 20% сумы трэба было ўнесці самім, а астатнюю суму (у нас было каля 29 тысяч долараў) узялі ў крэдыт. У дамове сума была пазначаная ў беларускіх рублях, а побач — эквівалент у доларах на дату пакупкі. Навошта прапісваецца цана ў доларах, калі ў нас забаронены разлік у доларах паміж фізічнымі асобамі? І гэта прапускаюць банк і натарыус.
Цікава, што да моманту разліку курс долара знізіўся. І ўладальнік кватэры, калі ўбачыў, што яму прыйшло на 500 долараў больш, вярнуў розніцу. Вельмі дзіўны і чалавечны ўчынак. Гэтыя грошы мы адразу ўнеслі ў крэдыт.
З іншага боку, калі б не было гэтай прывязкі да долара, мы маглі б узяць крэдыт на меншую суму — асноўная сума доўгу была б меншая, як і працэнты. Так што ад долара мы нікуды не сыходзім.
Яшчэ адзін цікавы момант — цэны на мэблю. На пачатку снежня глядзелі канапу, яна каштавала тры тысячы рублёў — на той момант гэта было 1000$. Праз некалькі тыдняў курс падае, а цана на канапу даражэе — ужо 3200 рублёў. То-бок 3100$. Потым курс зноў крыху вырас, але цана засталася ранейшай.
Даражаюць цяпер і паслугі. У кастрычніку правялі інтэрнэт, узялі тарыф за 48 рублёў. У лістападзе ён ужо 67 рублёў. Цяпер думаем, што такі тарыф нам і не патрэбны, трэба змяняць на больш бюджэтны.
Іван, 26 гадоў
— На Новы год ездзіў у тур у Прыэльбруссе. Вельмі шмат людзей было з Беларусі — паехалі, бо не змаглі зрабіць візу ў Еўропу. Вярнуўся і жахнуўся — у нас цэны ўзлятаюць у космас. Нават у Расіі танней. Шакаладка Milka, напрыклад, дзесьці на 20% танней.
Яшчэ спецыяльна звярнуў увагу, на колькі ў нас даражэйшыя расійскія тавары. Зразумела, што яны імпартныя, лагістыка каштуе грошай і г. д., але некаторыя пазіцыі даражэйшыя аж на 30% — лічу, гэта шмат.
Домініка, 24 гады
— Прадукты вельмі падаражэлі, асабліва калі хочацца парадаваць сябе і купіць нешта салодкае. Напрыклад, маленькі Снікерс ужо каштуе 3–4 рублі. Кіндар нядаўна бралі — 8 рублёў. Ну сур'ёзна? Маленькая банка Нутэлы — 30 рублёў. Гэта вельмі дорага.
Падаражэлі таксама садавіна, але на гэтыя кошты я асабліва не засяроджваю ўвагу, бо ўсё адно іх бяру. Вышэй па коштах цяпер і «малочка» — ёгурты, сыры.
Раней сыр можна было знайсці па 4 рублі за кавалак, цяпер ужо па пяць. Але я нешта не бачу, каб і заробкі разам з коштамі павышаліся.