WP распавяла падрабязнасці сустрэчы Трампа з Зяленскім у Фларыдзе
- 2.01.2026, 20:06
Паводзіны прэзідэнта ЗША сведчылі пра «поўнае і абсалютнае невуцтва».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім у рэзідэнцыі Мар-а-Лаго ў Фларыдзе 28 снежня ставіўся да яго «груба, абразліва і нават жорстка». Пра гэта 1 студзеня напісала The Washington Post са спасылкай на крыніцы.
Высокапастаўлены дыпламат распавёў СМІ, што паводзіны Трампа сведчылі пра «поўнае і абсалютнае невуцтва».
Аўтарка артыкула нагадала, што кіраўнік Белага дома пасля размовы з Зяленскім дэманстраваў «асцярожна аптымістычны тон», падмацаваны сваёй даўняй верай, што толькі ён можа завяршыць вайну. Аднак уплыў Расіі быў відавочны, калі ён сказаў, нібыта Расія «хоча бачыць поспех Украіны», заўважыла яна.
Суразмоўца выдання выказаў меркаванне, што пасля ўсіх намаганняў, якія Украіна прыклала, каб задаволіць патрабаванні Трампа, пасля арганізацыі гэтага «спектакля» і выканання ўсіх пастаўленых умоў, пачуць сцвярджэнне пра тое, што Расія нібыта жадае поспеху Украіне, было для ўкраінцаў «найбольш балюча».