Статак зуброў прагуляўся па заснежаным полі пад Валожынам
- 2.01.2026, 19:11
Відэафакт.
Карыстальніца TikTok пад нікам anya_cherkas апублікавала відэа статка зуброў, які яна сустрэла недалёка ад трасы Мінск—Гродна каля Валожына, заўважыла «Зеркало».
У роліку бачна, як больш за дзясятак буйных жывёл павольна рухаюцца па заснежаным полі. Аўтарка відэа ўдакладніла ў каментары, што кадры — сапраўдныя, а не створаныя з дапамогай штучнага інтэлекту.
«Я сама не адразу паверыла ўласным вачам», — напісала дзяўчына.
Адзін з карыстальнікаў у каментарыях паведаміў, што ў гэты ж дзень жывёл бачылі ў Пружанскім раёне. «Па ходу ў Ляцкія ідуць, да дзядулі», — пажартаваў ён, маючы на ўвазе вёску ў Камянецкім раёне, дзе знаходзіцца маёнтак Дзеда Мароза.
Іншы каментатар дадаў, што ў Пружанскім раёне зуброў сустракаюць даволі часта: «У нас у Пружанскім раёне вельмі шмат іх бачу, асабліва каля [аграгарадкоў] Роўбіцка і Лыскава».