Кіпр узначаліў Раду ЕС
- 2.01.2026, 17:01
На бліжэйшыя паўгода.
Кіпр заняў старшынства ў Радзе Еўрапейскага саюза, змяніўшы на гэтай пасадзе Данію. Да 1 ліпеня 2026 года краіна будзе вызначаць парадак дня для палітычных органаў ЕС і адказваць за іх бесперабойную працу.
Сярод прыярытэтаў Кіпра на гэтай пасадзе:
Пашырэнне правоў еўрапейцаў для стварэння спрыяльнага асяроддзя, у якім кожны можа развівацца.
Рэалізацыя Еўрапейскай гарантыі правоў дзіцяці, каб усе дзеці мелі доступ да якаснай адукацыі.
Роўны доступ усіх грамадзян да сістэмы аховы здароўя.
Больш бяспечнае анлайн-асяроддзе для непаўналетніх. У гэтым дапаможа план дзеянняў ЕС па барацьбе з кібербулінгам, які неўзабаве павінен быць прыняты.
Інклюзіўнае грамадства. Ідзе гаворка ў тым ліку пра гендарную роўнасць, ліквідацыю бар'ераў для людзей з інваліднасцю і дапамогу пажылым людзям заставацца актыўнымі і здаровымі.
Асаблівую ўвагу Кіпр плануе надаць фермерам і рыбакам, каб дапамагчы ім знайсці баланс паміж эканамічнай эфектыўнасцю, клопатам пра экалогію і сацыяльнай справядлівасцю.
1 ліпеня 2026 года старшынства ў Радзе ЕС перайдзе да Ірландыі.
Кіпр ужо не ўпершыню займае старшынства ў Радзе Еўрапейскага саюза. Папярэдні раз на гэтай пасадзе ён быў у 2012 годзе.