«Відаць, зноў перахапілі размову Майка і Ніка»
- Аляксандр Класкоўскі, «Позірк»
- 2.01.2026, 9:39
Як Лукашэнка «ратоўваў» Пуціна ад замаху.
У апошні дзень старога года Аляксандр Лукашэнка старанна дэманстраваў, як ён дбае пра «старэйшага брата». Расказаў прапагандыстам, як папярэджваў Уладзіміра Пуціна пра небяспеку замаху. Нават нібыта адгаварыў ляцець на саміт БРІКС, які праходзіў у 2023‑м у Ёханэсбургу.
Не цяжка меркаваць, што падазроны, баязлівы Лукашэнка пры гэтым найперш прагаворваўся пра ўласныя фобіі.
Ён адлюстраваў той дыялог па ролях: «Такая сяброўская, брацкая размова. Старэйшаму брату: «Ты сабраўся туды ляцець?» — «Ну вось, прасілі, мяне ж там чакаюць». Я кажу: «Ты што! Ідзе вайна!» — «Ну, яны ж ужо не такія шалёныя, не настолькі шалёныя». Я кажу: «Дык ты што, лічыш, што там усе пры здаровым розуме? Няма чаго туды ехаць!» Тады паляцеў Лаўроў».
Але разведка далажыла дакладна
Для саліднасці Лукашэнка дадаў: тады яго разведка інфармавала, што «рыхтуецца тэрарыстычны акт супраць прэзідэнта Расіі».
«І я яму часта кажу: «Ну, ідзе вайна, ну не трэба туды лятаць. Калі каму трэба — яны да цябе прыляцяць. <...> Гэта была не бестурботнасць, а нейкая страта пільнасці», — давяршыў эпічную карціну сваёй клопатлівасці пра Пуціна беларускі саюзнік.
Акрамя таго, ён назваў «найдзічэйшым тэрарызмам на самым высокім дзяржаўным узроўні» нібыта адбытую ў ноч на 29 снежня атаку ўкраінскіх дронаў на рэзідэнцыю расійскага кіраўніка ў Ноўгарадскай вобласці.
Акрамя таго, двое аўтакратаў 31 снежня ператэлефанаваліся. І прэс-служба Лукашэнкі падкрэсліла, што між іншым яны абмеркавалі «падзеі, звязаныя з атакай беспілотнікаў на рэзідэнцыю прэзідэнта Расіі».
Алё, бункер!
У гэтым сюжэце красамоўнае ўсё. Па-першае, прасвечвае падхалімаж. Па-другое, усмешку выклікае тое, што лукашэнкаўскія байцы нябачнага фронту нібыта вынюхалі больш, чым магутныя спецслужбы старога чэкіста Пуціна. Відаць, зноў перахапілі размову Майка і Ніка. Па-трэцяе, выстаўляць крамлёўскага ўладара бестурботным адчайдухам — хто ў гэта паверыць?
Успомнім, як падчас пандэміі кавіду ён аддзяляў сябе ад суразмоўцаў доўжэзным сталом. А тыя перад сустрэчай, як даведаліся СМІ, доўга сядзелі на карантыне. Кухары, лекары, пілоты, што абслугоўвалі Пуціна, здавалі бясконцыя аналізы, каб выпадкова не заразіць патрона. І, відаць, працягваюць здаваць.
Паводле даных цэнтра «Дас'е», паўнавартасная група суправаджэння прэзідэнта РФ у замежных паездках налічвае 80–100 чалавек. Рэсурс паведамляе, што нават «падчас паездак па Расіі ў 2021 годзе машыну для прэзідэнта пачалі прывозіць з Масквы, а не браць у рэгіянальных адміністрацый», а «ў асобных выпадках картэж суправаджаюць баявыя верталёты».
Нават пуцінскія кухары праходзяць баявую і тактычную падрыхтоўку.
І яшчэ масы забаўляюцца варажбой: у якой з рэзідэнцый ВВП зняты чарговы сюжэт. СМІ ўстанавілі, што ў гэтага таямнічага дзеяча як мінімум тры аднолькавыя кабінеты ў розных месцах. Ён можа сядзець у Сочы або на Валдаі, а гледачам скажуць, што гэта ў Нова-Агарове.
А ўжо пра яго двайнікоў не судачыў толькі лянівы. Ёсць яны ці няма, але відавочна, што да ўласнай бяспекі Пуцін адносіцца надзвычай дбайна.
А ўкраінцы хай сабе гінуць?
Увогуле, недарэмна ліхія языкі празвалі кагосьці «бункерным дзедам». І вось яго нібыта Лукашэнка вучыць асцярожнасці і перасцерагае ад бязрозумнасці.
Ужо лепш бы тады адгаварыў ад нападу на Украіну. Але ў тым сюжэце «малодшы брат», наадварот, паслужліва даў тэрыторыю сваёй дзяржавы для рыўка расійскіх войскаў на Кіеў у лютым 2022‑га. А потым паказваў карту, нібыта паказальную, адкуль украінцы першымі рыхтаваліся нанесці ўдар.
Цяпер Лукашэнка абураецца з нагоды вераломнай паветранай атакі на пустую рэзідэнцыю Пуціна, пры тым што доказаў такога нападу пакуль няма. У Кіеве гэтую гісторыю называюць выдумкай з мэтай апраўдаць верагодныя расійскія ўдары па ўкраінскіх цэнтрах прыняцця рашэнняў.
Аднак за ўвесь час гэтай вайны кіраўнік Беларусі ні разу не абурыўся з нагоды таго, што Масква абстрэльвае жылыя дамы, мірную інфраструктуру ва Украіне, забівае яе грамадзянскае насельніцтва. А трагедыю ў Бучы Лукашэнка і ўвогуле абвясціў фэйкам, інсцэніроўкай.
І яшчэ штрых. На днях украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што РФ атакуе Украіну, размяшчаючы абсталяванне для навядзення БПЛА на дахах жылых дамоў у Беларусі.
Калі гэтая інфармацыя праўдзівая, то не цяжка зразумець, што гэтае абсталяванне ставяць не па жаданні тамтэйшых жыхароў, а па загадзе з важных кабінетаў. І тады выходзіць, што мінскі рэжым і такім чынам дапамагае забіваць украінцаў, пры тым што яго кіраўнік рядзіцца ў тогу міратворцы.
Абажуюць уласнае жыццё, не шкадуючы жыцця іншых
І вось што яшчэ праглядаецца за крывадушнай рыторыкай. Нібыта перасцерагаючы Пуціна, Лукашэнка хутчэй агучвае ўласныя страхі. Ён надзвычай падазроны, вельмі асцярожны. У яго таксама вялізная ахова. Падчас «выходаў у народ» вакол правадыра атлетычных малайцоў з навушнікамі ледзь не больш, чым адфільтраванага электарату.
І расійскую ядзерную зброю, і прэславуты «Арэшнік» кіраўнік Беларусі з задавальненнем цягне да сябе, мяркуючы, што цяпер ужо ніхто не пасягне на яго свяшчэнную ўладу і дарагое жыццё. Хоць насамрэч два старэючыя аўтакраты ператвараюць Беларусь у мэту для адказнага або прэвентыўнага ўдару ў выпадку ўзброенага канфлікту з НАТА.
«Відавочна, што ўсе яны на Захадзе разумеюць: прыбяры Пуціна — усё будзе інакш. Да гэтага трэба ставіцца сур'ёзна», — вітыйстваваў Лукашэнка 31 снежня.
І тут прасіцца дзве высновы. Па-першае, ён ускосна прызнае, што палітыка ў Расіі (як і ў Беларусі) насаджаецца жалезнай рукой. Што і там, і там пануюць жорсткія персаналісцкія рэжымы. Па прыхамаці Пуціна Масква пасылае сваіх салдат у мясарубку несправядлівай вайны. Дзеля захавання ўлады Лукашэнкі Беларусь ператвораная ў вялікую турму.
Абодва аўтакраты абагаўляюць уласнае жыццё, не шкадуючы здароўя і жыцця іншых людзей.
Па-другое, хоць прамоўца нібыта дбае пра «старэйшага брата» больш, чым пра сябе, можна меркаваць, што насамрэч ён перадусім баіцца страціць апору на Крэмль. А яшчэ баіцца, што пасля яго, Лукашэнкі, сыходу і ў Беларусі «ўсё будзе інакш».
Менавіта за гэта многія беларусы і падымаюць тосты ў навагоднюю ноч.
Аляксандр Класкоўскі, «Позірк» /b>