У Мінэнерга пракаментавалі аварыю на цеплатрасе ў Мінску
- 19.01.2026, 18:36
Калі вернецца цяпло?
Цяпло і гарачую ваду паэтапна вяртаюць у дамы Фрунзенскага, Маскоўскага, Цэнтральнага, Савецкага і Кастрычніцкага раёнаў, паведамілі ў прэс-службе «Мінскэнерга» увечары 19 студзеня.
У ведамстве адзначылі, што прыярытэтная ўвага надаецца аднаўленню цеплазабеспячэння сацыяльных аб’ектаў — бальніц, школ, дзіцячых садкоў.
«Арганізаваныя абходы жылых дамоў для праверкі параметраў ціску і тэмпературы цяпланосьбіта, выдалення паветраных коркаў і рэгулявання падачы цяпла ў кватэрах. Ідзе наладка і рэгуляванне тэмпературнага і гідраўлічнага рэжыму сістэмы цеплазабеспячэння. На пашкоджаных участках цеплатрас працягваюць працаваць аварыйныя брыгады», — расказалі ў Мінэнерга.
У ведамстве адзначылі, што энергетыкі будуць працаваць «у кругласутачным рэжыме да поўнага аднаўлення цеплазабеспячэння».
Як піша Smartpress.by, станам на 17:00 гарачай вады і ацяплення не было ў дамах сталічных мікрараёнаў Сухарава і Захад Фрунзенскага раёна. У спартзале на вуліцы Сухараўская, 6, ацяплення яшчэ не было, але гарачая вада ўжо была. Магчыма, там яе падаграваюць з дапамогай бойлера.
«На працягу сённяшняга дня, да завяршэння працоўнага дня, усе мерапрыемствы будуць завершаныя — і спажыўцы будуць забяспечаныя ўсімі паслугамі жыллёва-камунальнай сферы», — запэўніў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Алег Корзун.