«Альфа» СБУ развянчала міф пра непераможную расійскую СПА
- 19.01.2026, 17:50
Расійская прапаганда гадамі выбудоўвала вобраз тэхналагічнай перавагі.
Цэнтр спецыяльных аперацый «Альфа» Службы бяспекі Украіны ў 2025 годзе разбурыў міф пра непераможнасць расійскай СПА. Пра гэта піша ўкраінскі палітолаг, экс-нардэп Аляксандр Чарненка.
Эксперт падкрэслівае, што ў фокусе аперацый «Альфы» апынуліся ключавыя элементы расійскай СПА, якія забяспечваюць абарону стратэгічных аб’ектаў.
«Далёкасяжныя ўдары ўкраінскіх спецназаўцаў па эшалонаванай сістэме супрацьпаветранай абароны РФ прывялі да знішчэння і вываду са строю сродкаў СПА прыблізным коштам каля $4 млрд. Гэта мэтавае «мінусаванне» асновы СПА. І менавіта СБУ падарвала міф пра «непрабівальную» СПА: расійская прапаганда гадамі выбудоўвала вобраз тэхналагічнай перавагі. «Альфа» СБУ ў 2025 годзе канчаткова яго разбурыла», – лічыць палітолаг.
Экс-нардэп акцэнтуе, што гаворка ідзе пра сістэмны вынік, а не аднаразовы поспех. «Такія ўдары дазволілі прабіць стабільныя калідоры ў абароне праціўніка і забяспечыць бяспечныя маршруты для ўкраінскіх далёкасяжных дронаў. Гэта, у сваю чаргу, дазваляе пашырыць глыбіню паражэнняў – па вайсковых базах, па НПЗ, па складах, аэрадромах і лагістычных вузлах у тыле ворага. Такім чынам, кожны знішчаны комплекс СПА працаваў не толькі «ў мінус» расійскай абароне, але і «ў плюс» украінскім наступальным магчымасцям. Задача нашых удараў па РФ палягае ў эканамічным знясіленні праціўніка. І роля СБУ ў гэтым працэсе без перабольшання ключавая», – піша Чарненка.
- Варта адзначыць, што ў гэтым выніку ёсць важны ўнёсак экс-кіраўніка «Альфы» Яўгена Хмары. Сёння ён часова выконвае абавязкі кіраўніка СБУ. І, відавочна, захавае тэмп спецаперацый, фундамент якіх закладваў яшчэ Васіль Малюк. І ўжо першыя тыдні новага года дэманструюць, што колькасць дакладных далёкасяжных удараў ад СБУ па праціўніку будзе толькі нарастаць, – рэзюмуе палітолаг.