Цэны на золата і срэбра ўзняліся да гістарычных максімумаў
- 19.01.2026, 12:16
На фоне заяў прэзідэнта ЗША.
Сусветныя цэны на золата і срэбра дасягнулі новых максімумаў пасля новых заяў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа аб увядзенні 10-працэнтных гандлёвых пошлін у дачыненні да Германіі і яшчэ сямі краін Еўропы з-за іх пазіцыі адносна Грэнландыі.
Раніцай у панядзелак, 19 студзеня, пасля пачатку біржавога тыдня на азіяцкіх фондавых рынках цана на золата, якое з'яўляецца ключавым актывам у перыяды ўзрушэнняў, дасягнула піку ў 4690,59 долара, а на срэбра — 94,12 долара, піша «Нямецкая хваля».
Адначасова большасць фондавых рынкаў падала на фоне новых асцярогаў наконт магчымага пачатку гандлёвай вайны. Японскі Nikkei знізіўся на 1,4%, а найбольш шырокі індэкс MSCI акцый Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна па-за межамі Японіі скараціўся на 0,3%. Курс долара знізіўся адносна іены і швейцарскага франка, тады як еўра і фунт стэрлінгаў выраслі, а цэны на нафту засталіся на ранейшым узроўні.
Трамп: Новыя тарыфы пачнуць дзейнічаць з 1 лютага
Дональд Трамп 17 студзеня абвясціў, што з 1 лютага для Германіі, Даніі, Вялікабрытаніі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Фінляндыі, Францыі і Швецыі будзе дзейнічаць 10-працэнтны тарыф на тавары, якія пастаўляюцца ў Злучаныя Штаты. Паводле слоў прэзідэнта ЗША, з 1 чэрвеня пошліны павялічацца да 25 працэнтаў. Тарыфы будуць уведзеныя ў дадатак да ўжо дзеючых, удакладніла агенцтва Reuters. Зборы «будуць спаганяцца да таго часу, пакуль не будзе дасягнута здзелка аб поўнай і канчатковай куплі Грэнландыі», — заявіў Трамп, дадаўшы, што ЗША «спрабавалі ажыццявіць гэтую аперацыю больш за 150 гадоў», але Данія адмаўлялася.