BE RU EN

Сукупнае багацце мільярдэраў у свеце дасягнула рэкорднага ўзроўню

  • 19.01.2026, 11:41

У значнай ступені дзякуючы палітыцы прэзідэнта ЗША.

Сукупнае багацце мільярдэраў у свеце дасягнула рэкорднага ўзроўню ў 2025 годзе. Рост багацця звышзаможных пагражае «надзвычай небяспечнымі» палітычнымі наступствамі, піша France24 (пераклад — сайт Charter97.org).

Паводле штогадовай справаздачы дабрачыннай арганізацыі Oxfam, апублікаванай напярэдадні форуму ў Давосе, багацце сусветных мільярдэраў павялічылася на 16,2% і дасягнула $18,3 трлн — у значнай ступені дзякуючы палітыцы прэзідэнта ЗША Дональда Трампа у першы год яго другога тэрміну. У арганізацыі заявілі, што курс на дэрэгуляванне і падрыў міжнародных пагадненняў па карпаратыўным падаткаабкладанні спрыяў рэзкаму росту даходаў самых багатых людзей планеты.

Упершыню ў гісторыі колькасць мільярдэраў перавысіла 3 тысячы. Пры гэтым 12 самых багатых людзей свету, уключаючы кіраўніка Tesla і SpaceX Ілона Маска, валодаюць большым багаццем, чым найбяднейшая палова чалавецтва — больш як чатыры мільярды чалавек.

Oxfam таксама адзначае, што назапашаныя капіталы ўсё часцей выкарыстоўваюцца для набыцця палітычнага ўплыву. Як прыклады прыводзяцца купля Ілонам Маскам сацыяльнай сеткі X і набыццё кіраўніком Amazon Джэфам Безасам газеты The Washington Post. Па словах выканаўчага дырэктара Oxfam Амітаба Бехара, растучая няроўнасць фармуе «палітычны дэфіцыт», які з’яўляецца «небяспечным і няўстойлівым».

Дональд Трамп прыбудзе ў Давос з адной з найбуйнейшых дэлегацый ЗША за ўсю гісторыю форуму і, як чакаецца, стане цэнтральнай фігурай абмеркаванняў. Яго ўдзел ужо выклікаў пратэсты: каля 300 актывістаў сабраліся ў Давосе, абвінавачваючы форум у адсутнасці дэмакратычнай легітымнасці.

У Oxfam падкрэслілі, што рашэнне ЗША вызваліць свае карпарацыі ад глабальнага мінімальнага падатку ў 15% з’яўляецца яскравым прыкладам ігнаравання праблемы няроўнасці. На думку арганізацыі, канцэнтрацыя багацця падрывае дэмакратыю і пагражае правам большасці насельніцтва свету.

Апошнія навіны