Навукоўцы знайшлі тлумачэнне, чаму некаторыя людзі жывуць больш за 110 гадоў
- 19.01.2026, 9:30
Высветлілася, што імунітэт звышдаўгажыхароў не проста моцны.
Навукоўцы з Універсітэта Сан-Паўлу знайшлі ключ да даўгалецця: у людзей, якія пражылі звыш 110 гадоў, імунная сістэма працуе інакш, чым у большасці. Пра гэта паведамляе Genomic Press. Даследаванне ўзначаліла генетык Маяна Зац.
Высветлілася, што імунітэт звышдаўгажыхароў не проста моцны — ён прыстасаваны да доўгага жыцця. Іх арганізм абнаўляе і ўтылізуе клеткі ў тэмпе, які звычайна сустракаецца ў людзей на 30–40 гадоў маладзей. Дзякуючы гэтаму ў целе не назапашваюцца дэфектныя бялкі і мутацыі, што могуць прывесці да анкалогіі, сардэчных захворванняў і дэменцыі.
Асаблівую ўвагу навукоўцы звярнулі на паводзіны CD4+ Т-хелпераў — клетак, якія кіруюць імуннай рэакцыяй. У даўгажыхароў яны нечакана пачалі паводзіць сябе як Т-кілеры, атакуючы пашкоджаныя клеткі. Падобная перабудова сустракаецца ў маладых людзей, але вельмі рэдка і не захоўваецца з узростам.
У даследаванні ўдзельнічалі больш за 140 чалавек старэйшых за 100 гадоў, уключаючы 20 «звышдаўгажыхароў». Сярод іх — манахіня Іна Канабарро Лукас, якая вясной 2025 года памерла на 117-м годзе жыцця. Амаль усе ўдзельнікі захоўвалі яснасць розуму і маглі абыходзіцца без старонняй дапамогі, нягледзячы на тое, што многія з іх ніколі не карысталіся сучаснымі медыцынскімі тэхналогіямі.
Генетык і CEO клінікі Healthy Longevity Пётр Срамек адзначыў, што такія выпадкі — выключэнне. Паводле яго слоў, толькі каля 2% насельніцтва валодае ўнікальнай камбінацыяй «генаў даўгалецця». «Гэтым людзям не абавязкова весці ідэальны лад жыцця — часам нават са шкоднымі звычкамі яны жывуць даўжэй і застаюцца здаровымі», — патлумачыў Срамек.