ЕС можа ўвесці пошліны супраць ЗША на €93 мільярды
- 19.01.2026, 9:16
У адказ на пагрозы Трампа.
ЕС можа ўвесці пошліны супраць ЗША на 93 млрд еўра або абмежаваць доступ амерыканскіх кампаній да рынку блоку ў адказ на пагрозы прэзідэнта Дональда Трампа у адрас краін, што выступаюць супраць захопу Грэнландыі. Пра гэта паведамляе Financial Times са спасылкай на крыніцы.
Выданне называе магчымасць такога кроку «найбольш сур'ёзным крызісам у трансатлантычных адносінах за апошнія дзесяцігоддзі».
Чыноўнікі, знаёмыя з падзеямі, расказалі, што пошліны разглядаюцца, каб даць лідарам ЕС рычагі ўплыву на вырашальных сустрэчах з Трампам на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе на гэтым тыдні.
Еўрапейскія лідары імкнуцца знайсці кампраміс, які дазволіць пазбегнуць глыбокага расколу НАТА, што будзе прадстаўляць пагрозу для бяспекі Еўропы.
Як адзначае FT, ЕС падрыхтаваў спіс тарыфаў супраць ЗША яшчэ ў 2025 годзе, але яго адклалі да 6 лютага, каб пазбегнуць поўнамаштабнай гандлёвай вайны.
У нядзелю, 18 студзеня, 27 паслоў ЕС абмеркавалі яго аднаўленне, а таксама так званы інструмент супрацьдзеяння прымусу (ACI), які можа абмежаваць доступ амерыканскіх кампаній да ўнутранага рынку.
Крыніцы адзначылі, што Францыя заклікала краіны ЕС ужыць ACI, які ніколі не выкарыстоўваўся з моманту яго стварэння ў 2023 годзе. Гэты інструмент уключае абмежаванні на інвестыцыі і можа абмежаваць экспарт паслуг, напрыклад тых, што прапануюць амерыканскія кампаніі Big Tech у ЕС.