У пячорах Саудаўскай Аравіі знайшлі ўнікальныя муміі гепардаў
- 19.01.2026, 6:00
Знаходку называюць беспрэцэдэнтнай.
У пячорах на поўначы Саудаўскай Аравіі, паблізу горада Арар, вучоныя зрабілі адкрыццё, якое яны самі называюць «абсалютна беспрэцэдэнтным», піша New Voice.
Падчас раскопак даследчыкі наткнуліся на сем ідэальна захаваных мумій гепардаў і косці яшчэ 54 асобін. Узроставы дыяпазон знаходак уражвае: самым маладым парэшткам каля 130 гадоў, а самым старажытным — больш за 1800, піша выданне Science Alert.
Муміфікацыя — рэдкі для дзікай прыроды працэс, бо звычайна падальшчыкі (гіены або птушкі) знішчаюць тушы за лічаныя дні. Тут жа спрацаваў «натуральны халадзільнік»: сухое паветра пячор і стабільная тэмпература ператварылі целы ў высушаныя абалонкі, захаваўшы нават канечнасці і замутнелыя вочы.
Джоан Мадурэл-Малапэйра, прафесар Фларэнційскага ўніверсітэта (Італія), які азнаёміўся са знаходкай, не хавае здзіўлення:
«Гэта нешта такое, чаго я ніколі раней не бачыў».
Чаму ў адным месцы сабралася столькі драпежнікаў? Вучоныя мяркуюць, што пячоры служылі логавам, куды самкі прыходзілі нараджаць і выкармліваць дзіцянят. Гэта тлумачыць вялікую канцэнтрацыю костак.
Ахмед Буг з Нацыянальнага цэнтра дзікай прыроды Саудаўскай Аравіі, сааўтар даследавання, падкрэслівае важнасць моманту:
«Знайсці настолькі цэласныя сведчанні існавання гепардаў, якія жылі ў гэтай частцы свету так даўно, — выпадак, што не мае аналагаў».
Калісьці гепарды свабодна вандравалі па Аравійскім паўвостраве, але дзесяцігоддзі таму зніклі праз бескантрольнае паляванне, страты тэрыторый і недахоп здабычы.
Дзякуючы гэтым муміям вучоным упершыню ўдалося правесці генетычны аналіз натуральна муміфікаваных буйных катоў. ДНК-тэсты паказалі, што знойдзеныя жывёлы з'яўляюцца бліжэйшымі сваякамі сучасных гепардаў з Азіі і паўночнага захаду Афрыкі.