Берлін абверг, што місію ў Грэнландыі перарвалі датэрмінова
- 18.01.2026, 18:06
Місія бундэсвера доўжылася 44 гадзіны.
Група з 15 вайскоўцаў бундэсвера пакінула Грэнландыю ў нядзелю, 18 студзеня, — на наступны дзень пасля пагроз Дональда Трампа увесці мытныя пошліны супраць Германіі за падтрымку Даніі ў тэрытарыяльнай спрэчцы. Пра ад'езд вайскоўцаў паведаміў прадстаўнік аператыўнага камандавання бундэсвера.
Берлін абверг, што місію перарвалі датэрмінова, піша «Нямецкая хваля».
«Разведвальная місія прынесла вынікі, якімі ўсе задаволены, і цяпер у Германіі праводзіцца яе ацэнка», — сказаў ён.
Вайсковец абверг, што місію перарвалі датэрмінова. «Разведка завершана ў адпаведнасці з планам», — сказаў ён. Паводле яго слоў, нямецкія вайскоўцы вылецелі ў Рэйк'явік, адкуль адправяцца ў Капенгаген.
Як напамінае радыёстанцыя Deutschlandfunk, спачатку ў Міністэрстве абароны ФРГ паведамілі, што тэрміны разведвальнай місіі бундэсвера ў Грэнландыі — 15–17 студзеня. Але ў суботу там удакладнілі, што дакладная працягласць місіі не вызначана.
Ад'езд з Грэнландыі з-за пагодных умоў
Паводле падлікаў таблоіда Bild, місія бундэсвера ў Грэнландыі доўжылася 44 гадзіны. Выданне сцвярджае, што загад пакінуць востраў паступіў раніцай 18 студзеня з Берліна.
Першапачаткова Bild напісаў пра «тайны паспешлівы ад'езд» нямецкіх салдат з Грэнландыі. Пазней таблоід апублікаваў абвяржэнне і прывёў удакладненне ад Міністэрства абароны ФРГ. Паводле гэтай інфармацыі, на 18 студзеня была запланавана дадатковая паездка вайскоўцаў па Грэнландыі, але яе адмянілі з-за пагодных умоў, таму яны пакінулі востраў ужо раніцай.