На новай схеме Мінскага метро зніклі адразу сем станцый
- 18.01.2026, 17:10
Грошы заканчваюцца?
Дзяржаўная газета «СБ. Беларусь сегодня» апублікавала ў сваім артыкуле «адну з магчымых схем развіцця метрапалітэна» ў Мінску. На ёй няма сямі станцый, якія раней планавалі будаваць.
Вядома, гэта не афіцыйная схема ад будаўнічай арганізацыі, аднак, калі параўнаць яе са схемай, якую раней публікаваў «Мінскметрабуд», можна заўважыць адсутнасць гэтых сямі станцый:
«Чырвоны Бор» на чырвонай лініі (за «Каменнай Горкай»);
«Шабаны» на гэтай жа лініі (за «Магілёўскай»);
«Смаленская» на сіняй лініі (за станцыяй «Уручча»);
«Шчомысліца» на Маскоўскай лініі (за «Маліноўкай»);
«Праспект Пераможцаў» («Прафсаюзная») на Зялёналужскай лініі (была паміж станцыямі «Юбілейная плошча» і «Праспект Машэрава» / «Пярэспа»);
«Арлоўская» («Кіеўскі сквер») на 4-й лініі (паміж станцыямі «Старавіленская» і «Парк Дружбы народаў»);
«Сурганава» («Палітэхнічная») на гэтай жа лініі (паміж станцыямі «Парк Дружбы народаў» і «Дом друку»).
Дзяржаўнае выданне паведаміла, што на чацвёртай кальцавой лініі метро плануюць пабудаваць 15 станцый, шэсць з якіх будуць перасадкавымі на ўжо дзеючыя лініі. Паводле слоў праектантаў, станцыі будуць функцыянальнымі, арыгінальнымі і прывабнымі, але без архітэктурных празмернасцей.