BE RU EN

Бяспраўнік на BMW спрабаваў схавацца ад ДАІ ў лесе

  • 18.01.2026, 16:50

Пераслед адбыўся пад Мінскам.

Праваахоўнікі затрымалі пад Мінскам бяспраўніка на BMW. Падрабязнасці распавядзілі ў тэлеграм-канале ДАІ УУС Мінскага аблвыканкама.

Інцыдэнт адбыўся 14 студзеня ў вёсцы Броўкі пад Мінскам. Супрацоўнікі ДАІ а 21:50 падалі сігнал аб спыненні кіроўцу BMW 740, але аўто не спынілася, пачаўся пераслед.

На васемнаццатым кіламетры трасы М-14 падчас пераследу кіроўца ўсё ж такі спыніўся і, выбегшы з салона, паспрабаваў схавацца ў лесе. ДАІ затрымала 37-гадовага ўцекача.

Высветлілася, што мужчына раней быў пазбаўлены вадзіцельскіх правоў. Пры гэтым ён учыніў правапарушэнне паўторна цягам года пасля першага адміністрацыйнага спагнання.

BMW даставілі на штрафстаянку, а ўцекача змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У дачыненні да яго склалі шэраг адміністрацыйных пратаколаў (ч. 2 арт. 18.14 і ч. 3 арт. 18.17 Кодэкса Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Апошнія навіны