BE RU EN

Расію заблакавалі і прынізілі

  • Аляксандр Каваленка
  • 18.01.2026, 13:28

Як ідзе паляванне на танкеры ценявага флоту і чаго чакаць у найбліжэйшы час.

Пачынаючы з канца 2025 года расійскаму ценявому флоту стала зусім неспакойна як у акваторыі Чорнага мора, так і па-за ёй. На нафтавыя танкеры, што знаходзяцца пад санкцыямі, пачалося самае сапраўднае паляванне: амаль штодня прыходзіць інфармацыя пра чарговую атаку падобнага судна, якое абслугоўвае экспарт расійскага «чорнага золата». Але наколькі гэта сур’ёзная пагроза для Расіі і як можа быць маштабавана гэтае паляванне?

28 лістапада ў Чорным моры была зафіксавана першая, наўмысная атака на два расійскія нафтавыя танкеры з складу расійскага ценявога флоту — Kairos і Virat. Гэта адбылося ля паўночнага ўваходу ў Басфор.

Тады ўзніклі пытанні, што ж гэта было. Ці быў падрыў на дрэйфуючай марской міне, ці на танкерах заклалі выбуховыя прылады? Але адказ не прымусіў сябе доўга чакаць — гэта была атака ўкраінскіх марскіх дронаў тыпу Sea Baby.

Але ці быў гэта сітуацыйны акт супраць расійскага ценявога флоту, ці мы сталі сведкамі пачатку новага акту блакавання Чорнага мора для расійскага падсанкцыйнага суднаходства? І адказ ізноў быў атрыманы хутка, бо ўжо раніцай 29 лістапада танкер Virat быў паўторна атакаваны і поўнасцю выведзены з працаздольнага стану.

Стала відавочна, што ў Чорным моры пачалося паляванне на расійскія нафтавыя танкеры ценявога флоту.

Трафеі

З пачатку новага паляўнічага сезона мінула паўтара месяца, і за гэты час Украіна правяла шэраг паспяховых атак на расійскі ценявы флот з усімі вынікаючымі наступствамі. Але спачатку пра трафеі.

Пасля ўдалай сумеснай аперацыі 13-га Галоўнага ўпраўлення ваеннай контрвыведкі СБУ і ВМС Украіны па танкерах Kairos і Virat адбылося нешта вельмі незразумелае з суднам кампаніі Beşiktaş Denizcilik, якое ля берагоў Сенэгала рэзка страціла ход і пачало тануць. Адметна, што судна да таго наведвала расійскі порт Тамань. Гаварыць пра датычнасць украінскага боку да гэтай надзвычайнай сітуацыі няма аб’ектыўных падстаў, але гэта здарылася 30 лістапада — дзіўным чынам літаральна адразу пасля атакі па танкерах Kairos і Virat. Супадзенне?

2 снежня 2025 г. стала вядома, што ў Чорным моры быў атакаваны расійскі танкер Midvolga 2, які накіроўваўся з РФ у Грузію з грузам сланечнікавага алею. Атака была здзейсненая ўдарнымі дронамі самалётнага тыпу невядомай прыналежнасці. Ці былі гэта ўкраінскія ўдарныя дроны?

Як бы там ні было, але ў выніку цэны на страхаванне судоў у Чорным моры рэзка выраслі: з 0,25–0,3% ад кошту судна на пачатку лістапада да 0,5–0,75% па стане на пачатак снежня. Рост цэн для танкераў і балкераў, звязаных з Расіяй, склаў у 3,5 раза і больш!

Раніцай 10 снежня марскія дроны СБУ Sea Baby паразілі чарговы танкер расійскага ценявога флоту ў Чорным моры — DASHAN.

13 снежня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў: «Украіна ўвяла самы вялікі санкцыйны пакет супраць танкераў і іншых суднаў, якія расіяне выкарыстоўваюць для перавозкі нафты і іншых энергарэсурсаў». Усяго пад санкцыі трапілі амаль 700 марскіх суднаў, што значна пашырала спіс суднаў, якія падлягаюць паляванню.

У ноч на 18 снежня ў порце Растова быў нанесены ўдар па танкеры «Валерий Горчаков», а ўжо 19 снежня была праведзена бамбардзіроўка танкера QENDIL.

Бамбардзіроўка QENDIL ажыццяўлялася з дапамогай дрона «Баба Яга», а сам выпадак быў беспрэцэдэнтным і ўнікальным, бо аперацыя ўпершыню праводзілася ў Міжземным моры! І гэта стала яскравым сігналам, што ніводнаму расійскаму танкеру не ўдасца схавацца ад пераследу ў нейкай уяўна спакойнай і бяспечнай акваторыі або гавані.

7 студзеня быў атакаваны расійскі танкер ELBUS, які ішоў пад сцягам Палау ў порт Наварасійск для загрузкі нафтай. Дроны атакавалі танкер ў Чорным моры паблізу горада Кастамону, у выніку чаго судна страціла ход, і яго адбуксіравалі ў турэцкі порт Інеболу.

Гэта атака засталася мала заўважанай, бо 7 студзеня ЗША правялі аперацыю па затрыманні двух расійскіх танкераў ценявога флоту Marinera і Sophia. І тут, варта адзначыць, амерыканцы вельмі актыўна ўключыліся ўжо ў сваё паляванне — у першую чаргу за танкерамі, што выходзяць з Венесуэлы. Але па дзіўным супадзенні большая іх частка аказалася танкерамі расійскага ценявога флоту.

Пэўным чынам Вашынгтон падсобіў Кіеву ў пытаннях ціску і палявання на расійскія танкеры.

14 студзеня ля ўзбярэжжа Наварасійска адначасова былі атакаваныя чатыры танкеры расійскага ценявога флоту, што накіроўваліся ў порт для загрузкі нафтай.

Як бачым, сістэмнасць удараў па расійскіх судах указвае на тое, што гэта не нейкія адзінкавыя выпадкі, а непасрэднае, санкцыянаванае паляванне на ценявы флот. Прычым удзел у гэтай «траўлі» ізгояў актыўна прымаюць не толькі ўкраінскія марскія і паветраныя дроны, але і Берагавая ахова ЗША.

ЗША падсобілі

17 снежня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвясціў, што ўводзіць блакаду падсанкцыйных нафтавых танкераў Венесуэлы, сярод якіх былі і прадстаўнікі расійскага ценявога флоту.

У другой палове снежня разгарэлася сапраўдная дэтэктыўная гісторыя з пераследам танкера Bella 1, які кінуўся наўцёкі ад Берагавой аховы ЗША, намаляваў на борце расійскі сцяг і спешна зарэгістраваўся ў порце прыпіскі — Сочы, з перайменаваннем у Marinera. Відаць, экіпаж гэтага танкера палічыў, што расійская рэгістрацыя і сцяг РФ напалохаюць амерыканцаў, але — не.

Удзень 7 студзеня на палубу танкера Marinera была здзейснена высадка дэсантнай групы Берагавой аховы ЗША і праведзены арышт як экіпажа танкера, так і самога судна. Паралельна ў водах Карыбскага мора быў затрыманы танкер Sophia.

9 студзеня амерыканцамі паблізу Трынідада было затрымана судна Olina.

Усяго за паўтара месяца Берагавая ахова ЗША правяла мінімум шэсць затрыманняў каля берагоў Венесуэлы і не толькі танкераў са складу ценявога флоту.

Расію заблакавалі і прынізілі

Расійская Федэрацыя апынулася ў становішчы, калі яна не здольная абараніць свае танкеры ні ў Чорным моры, ні ў Міжземным, ні ў Карыбскім і відавочна ні ў якой іншай акваторыі.

Украіна мэтава яшчэ і выводзіць танкеры з працаздольнага стану, што стварае пэўныя праблемы з фрахтаваннем, страхаваннем і ўвогуле жаданнем экіпажаў хадзіць на такіх судах, рызыкуючы загінуць або быць параненымі пасля чарговага ўдару.

Расія ўжо нясе істотныя рэпутацыйныя і фінансавыя страты — як прамыя, так і ўскосныя.

Фактычна 2025 год для расійскага ценявога флоту завяршыўся анонсам вялікай сілавой кампаніі супраць яго, якая цягам 2026-га будзе значна маштабаваная. За мінулыя паўтара месяца сумарна было атакавана не менш за дзесяць расійскіх танкераў, або, груба кажучы, прыкладна адзін танкер кожныя 4–5 дзён.

Калі такая інтэнсіўнасць захаваецца, то Расія можа пазбавіцца 10% усяго падсанкцыйнага ценявога флоту. Камусьці можа падацца, што гэта не надта істотная шкода, але гэта кардынальна няправільнае ўяўленне. Ужо цяпер, калі быў атакаваны 1% ад агульнай колькасці расійскіх танкераў, для РФ пачаліся сур’ёзныя праблемы. І кожны дзень, калі паляванне працягваецца, будзе пагаршаць яе становішча.

З-за санкцый расійскія танкеры вымушаныя перавозіць нафту надзвычай нявыгаднымі, фінансава затратнымі маршрутамі. Напрыклад, танкер Fortis перавозіў каля 700 тысяч барэляў сырой нафты ў кітайскі порт Жычжао амаль 11 тыдняў: з Усць-Лугі (Балтыйскае мора) праз Міжземнае мора і Суэцкі канал, з перагрузкай у Індыі і толькі потым у Кітай.

Але пашырэнне арэалу палявання на расійскія танкеры, апроч санкцый, ператворыць такія перавозкі ў знясільвальнае, бясконцае блуканне па морах, каналах і акіянах.

І нешта мне падказвае, што паляванне на расійскія танкеры ў 2026 годзе не будзе стагнаваць, а наадварот — інтэнсіфікавацца. Значна пашыраючы арэал паляўнічых ўгоддзяў.

Аляксандр Каваленка, OBOZ.UA

Апошнія навіны