BE RU EN

Яшчэ адно балючае прыніжэнне для Лукашэнкі

  • Сяргей Васілеўскі, «Салідарнасць»
  • 18.01.2026, 9:50

На прыкладзе грузавікоў і аўтобусаў МАЗ.

Тое, што Лукашэнка і яго чыноўнікі ўсё часцей называюць «галоўнай праблемай» у эканоміцы, атрымала чарговае пацвярджэнне ў лічбах: па выніках 2025-га продажы новых грузавікоў МАЗ у Расіі зменшыліся ў 1,7 раза.

Расійскі рынак, які кіраўнік яшчэ некалькі гадоў таму ледзь не прамым тэкстам называў бяздонным, працягвае сціскацца для беларускай прадукцыі.

Для справядлівасці адзначым, што Лукашэнка яшчэ дзесяць гадоў таму абвінавачваў работнікаў Мінскага аўтазавода ў страце расійскага кірунку, сцвярджаючы, што сітуацыю можна лёгка выправіць. З дапамогай лічбаў і цытат мы праверылі, наколькі гэта яму ўдалося.

2016

Па выніках 2016-га МАЗ прадаў у Расіі каля 3300 новых грузавікоў. Гэта дазволіла мінскаму аўтагіганту заняць месца ў тройцы лідараў рынку, хоць продажы ў гэтым сегменце і ўпалі на 9,5% у параўнанні з папярэднім годам.

Той год быў паспяховым для мінскіх аўтобусаў: у РФ было прададзена 812 адзінак — на 55,6% больш, чым у 2015-м.

Падчас наведвання МАЗа ў красавіку 2016-га Лукашэнка чарговы раз паставіў задачу асвойваць новыя рынкі збыту:

«Я ад вас гэтага патрабую. А то не паспеў я сюды прыйсці, як вы мне пачалі распавядаць пра Расію. Мы ўжо 25 гадоў як незалежная дзяржава. У Расіі свае праблемы. Так, там рынак, які вы здалі. Сёння гэты рынак вельмі лёгка адваяваць. Але туды трэба прадаць якасную, прыгожую, надзейную тэхніку па канкурэнтнай цане. (…)

Вы — дзяржаўнае прадпрыемства. Ад вас мінімум, што просяць, — захаваць працоўныя калектывы, плаціць зарплату, вырабляць добры тавар і прадаваць яго».

2017

Продажы МАЗа ў РФ паводле даных расійскага агенцтва «Аўтастат» выраслі на 17,4%. Усяго было зарэгістравана 3882 новыя грузавікі. Нягледзячы на гэта, МАЗ страціў долю рынку, зрушыўшыся з трэцяй на сёмы радок.

Гэта быў час, калі прадукцыю Мінскага аўтазавода на расійскім рынку ціснулі заходнія аўтагіганты: Volvo, Scania, Mercedes і MAN.

Мінскія аўтобусы не толькі не змаглі паўтарыць поспех папярэдняга года, але і страцілі лідарскія пазіцыі, скараціўшы аб'ём продажаў удвая. У той год расіяне купілі 359 адзінак тэхнікі.

Мінскія аўтобусы пачалі саступаць пазіцыі перад навічкамі рынку — кітайскімі брэндамі Yutong і Higer.

2018

МАЗ на 9% палепшыў паказчыкі продажаў грузавікоў, паставіўшы ў РФ 4237 адзінак. Мінскі завод заняў 7-е месца ў рэйтынгу найбольш прадаваных марак грузавых аўтамабіляў на расійскім рынку.

Продажы новых аўтобусаў МАЗ выраслі на 64% (579 адзінак).

Асаблівасцю года стала агульнае запаволенне рынку грузавікоў, што сыграла на руку беларускому аўтазаводу.

2019

МАЗ прадаў у Расіі 3991 новы грузавік; продажы скараціліся на 9,3% у параўнанні з 2018-м. Пры гэтым прадпрыемства захавала месца ў дзясятцы найбольш прадаваных марак грузавікоў, працягваючы канкураваць з расійскімі і заходнімі вытворцамі.

Продажы аўтобусаў упалі амаль на 27%: у РФ было прададзена ўсяго 466 адзінак. МАЗ працягваў саступаць рынак як расійскім канкурэнтам, так і кітайцам.

2020

Знакавы для свету і беларусаў год адзначыўся чарговым зніжэннем продажаў грузавых аўтамабіляў МАЗ. Усяго было рэалізавана 3745 адзінак. Пры гэтым Мінскі аўтазавод захаваў месца ў топ-10.

А вось з аўтобусамі Мінску ў тым годзе пашчасціла: у Расію было прададзена 639 адзінак (рост да папярэдняга года +49%).

2021

МАЗ усталяваў рэкорд продажаў за апошнія сем гадоў, рэалізаваўшы 5410 адзінак новай тэхнікі (+44,5%). У выніку доля беларускага брэнда ў сегменце грузавікоў павялічылася з 5,0% да 5,5%.

МАЗ замкнуў пяцёрку найбольш прадаваных марак грузавых аўтамабіляў у Расіі, саступіўшы КАМАЗу, ГАЗу, Scania і Volvo.

І новы поспех мінскіх аўтобусаў — 802 адзінкі. Вынік: 4-е месца ў агульнарасійскім рэйтынгу марак.

«Слухайце, мы жылі без Еўрапейскага саюза і яшчэ шмат гадоў пражывём. Акрамя вас свет велізарны. Няхай ён цесны, але ён велізарны. І тое, што нам трэба прадаць (галоўнае пытанне — прадаць тое, што мы вырабляем), усё элементарна можа спажыць Расія. Адна Расія», — з інтэрв'ю Лукашэнкі CNN

2022

Пачатак паўнамаштабнай вайны ва Украіне адбілася на продажах беларускай грузавой тэхнікі на расійскім рынку: было рэалізавана 4388 грузавікоў (-20,6%).

Пры гэтым было прададзена 1120 новых аўтобусаў МАЗ. Доля брэнда на расійскім рынку новых аўтобусаў павялічылася з 4,1 да 8,7%. Але МАЗ працягваў саступаць канкурэнтам, у тым ліку кітайскім.

На сустрэчы з губернатарам Пензенскай вобласці Алегам Мельнічэнкам кіраўнік Беларусі ўспомніў пра спробы супрацоўніцтва з заходнімі кампаніямі:

«Мы не вельмі-то ішлі на тое, каб сюды запусціць замежнікаў. Таму ўведзеныя санкцыі па нам так не ўдарылі, як, напрыклад, па КАМАЗе. Туды ўвайшлі немцы найперш. Мы гэтым напрамкам асабліва не песцілі нашых машынабудаўнікоў. У нас таксама немцы працавалі. І МАЗ — MAN і «Неаплан» у свой час на МАЗе.

Кантракт скончыўся, я ім паціснуў руку, сказаў: «Дзякуй, далей мы будзем развівацца самі». Чаго б нам гэта ні каштавала — вось гэтыя цяжкасці, складанасці».

2023

Расійскі рынак пакідаюць заходнія брэнды. Здавалася б, настаў зорны час Мінскага аўтазавода, які прадэманстраваў значны рост продажаў — 6333 адзінак тэхнікі (+43,8%).

Але рынкавая доля мінчан пры гэтым скарацілася за кошт актыўнага прытоку кітайскіх вытворцаў. Адныне канкурэнцыю ў РФ беларусам складаюць SITRAK, Shacman, FAW і іншыя брэнды з КНР.

А вось продажы новых аўтобусаў крыху скараціліся на фоне агульнага росту рынку ў гэтым сегменце — да 925 адзінак.

2024

Кітайскія фірмы актыўна замяшчаюць вытворцаў, што сышлі з РФ. Sitrak, Shacman і FAW занялі лідарскія пазіцыі на рынку. На гэтым фоне амаль на тысячу адзінак упалі продажы грузавікоў МАЗ — да 5 309 экз.

Па выніках 2024-га на фоне растучага рынку продажы аўтобусаў Мінскага аўтазавода ў Расіі ўпалі на 45,5% — да 504 адзінак.

Пры гэтым працягвала расці залежнасць ад расійскага рынку — на яго прыпадала больш за 62% усёй экспартаванай прадукцыі МАЗ.

«БЕЛАЗы, МТЗ, МАЗ і гэтак далей — яны не могуць не мець знака якасці на нейкі свой тавар. Але гэты тавар павінен быць унікальным, ён павінен быць канкурэнтаздольным на міжнародных рынках. Бездакорная павінна быць тэхніка. Мы і правяраць будзем. Проста штампаваць вам знак якасці на кабіну, капот або на шкло не будзем, інакш мы зганьбім краіну», — з выступлення Лукашэнкі на нарадзе, прысвечанай «Знаку якасці»

2025

Продажы грузавікоў МАЗа ў Расіі па выніках 2025-га скараціліся на 43% — да 3274 адзінак.

Наведванне МАЗа, студзень 2025-га

На гэтым фоне падзенне продажаў аўтобусаў на 1% выглядае як поспех: за мінулы год у Расіі было прададзена 499 аўтобусаў мінскага завода, што ўсяго на шэсць штук менш, чым у 2024-м годзе.

«Я гатовы дапамагчы вашаму калектыву, вы для мяне родныя, мае дзеці, можна сказаць, якіх я, як тапельцаў, у свой час выратоўваў. Гатовы. Але толькі за вынік. Будзе вынік — я з задавальненнем буду дапамагаць», — Аляксандр Лукашэнка, наведваючы МАЗ у студзені 2025-га.

Сяргей Васілеўскі, «Салідарнасць»

Апошнія навіны