Беларус атрымаў «ліст шчасця» ад ДАІ, хоць за рулём быць не мог
- 17.01.2026, 19:25
Машына была ў рамонце.
Беларус атрымаў так званы «ліст шчасця» за перавышэнне хуткасці, хоць за рулём быць не мог. Як паведамляе ГУУС Мінгарвыканкама, менавіта такая скарга паступіла ад мінчука. Мала таго: у Цэнтральнае РУУС беларускай сталіцы ён падаў заяву аб угоне свайго аўтамабіля.
Некалькі месяцаў таму ён перадаў іншамарку ў рамонт і аплаціў паслугі. Але якраз падчас абслугоўвання аўто атрымаў паведамленне пра перавышэнне хуткасці разам з фота яго машыны. Толькі за рулём сядзеў невядомы ўладальніку мужчына.
Аднак асобу хутка ўстанавіў участковы інспектар міліцыі. Невядомым аказаўся 28-гадовы аўтаслесар.
«Мужчына ўзяў грошы за рамонт аўтамабіля і некалькі месяцаў ездзіў на ім у асабістых справах, не маючы права на яго кіраванне. Гаспадару ж штотыдзень даваў справаздачу аб выкананай працы, абяцаючы ў найкарацейшыя тэрміны вярнуць аўто», — сказалі ў мінскай міліцыі, дадаўшы, што выкладзеныя факты прывялі да ўзбуджэння крымінальнай справы за ўгон.