BE RU EN

«Нават свінням сорамна скарміць»

  • 17.01.2026, 14:48

Беларуса абурыла нямытая морква на крамным прылаўку.

Жыхар Бабруйска апублікаваў у TikTok відэа з морквай, запэцканай зямлёй, якая ляжала на прылаўку крамы «Маяк». Запіс выклікаў бурнае абмеркаванне — пакупнікі падзяліліся на тых, хто лічыць, што такая гародніна прадавацца не павінна, і тых, хто ўпэўнены: брудная морква лепш захоўваецца, піша «Зеркало».

Аўтар відэа пад нікам dzmitry4698 эмацыйна адрэагаваў на ўбачанае: «Як можна прадаваць такое? Кармовая морква, нават свінням сорамна скарміць». Пазней ён дадаў, што морква аказалася сухой і цёмнай знутры, хоць не ўдакладніў, ці набыў менавіта тыя караняплоды, што трапілі на відэа.

Пад відэа разгарэлася дыскусія. Частка каментатараў падтрымала абурэнне: «Чаму нямытую прадаюць? Нават каровам мыюць», «Калі прадукт не мае належнага таварнага выгляду, яго не павінны выкладаць на прылаўкі! Гэта грубое парушэнне правілаў гандлю».

Іншыя карыстальнікі сталі на абарону бруднай гародніны. «Ды яна ж лепш захоўваецца ў пяску, чым мытая», — напісаў адзін з каментатараў. «Памыйце — і ў пакет у халадзільнік», — параіў іншы.

Некаторыя патлумачылі стан морквы надвор'ем: «У дажджлівае надвор'е збіралі, тры дні ліўняў было, у полі ўсё размокла, людзі працавалі ўручную».

Некаторыя карыстальнікі адзначылі, што бачылі падобную моркву ў розных гарадах Беларусі — Мінску, Гродне, Магілёве, Пінску. Знайшліся і тыя, хто ўжо купляў яе і застаўся задаволены: «Я купляла такую моркву ў «Маяку». Памыла, пачысціла. Нармальная, салодкая». Праўда, былі і супрацьлеглыя водгукі: «Я неяк нарвалася на такую. Жахлівая, выкінуць хацелася».

Фармальна продаж бруднай морквы не супярэчыць стандартам. У Беларусі дзейнічае міждзяржаўны ГОСТ 32 284−2013 «Морква сталоўная свежая, якая рэалізуецца ў рознічнай гандлёвай сетцы». Згодна з дакументам, на моркве вышэйшага гатунку прыляплай зямлі быць не павінна. Аднак для першага і другога гатункаў наяўнасць зямлі дапускаецца — пры ўмове, што яе колькасць не перавышае 1% ад масы караняплоду.

Пры гэтым ГОСТ забараняе продаж загніўшых, завяўшых, запараных, падмарожаных караняплодаў, а таксама гародніны «з прыкметамі зморшчанасці, разветвёных, парэпаных з адкрытай сэрцавінай». Невялікія павярхоўныя расколіны, што ўзніклі падчас прамыўкі або захоўвання, дапускаюцца, калі яны не закранаюць сэрцавіну.

Апошнія навіны