BE RU EN

У Беларусі закрываюць Нацыянальны мастацкі музей

  • 17.01.2026, 11:20

Частку карцін перавезуць.

У другой палове 2026 года галоўны корпус Нацыянальнага мастацкага музея плануюць закрыць на рэканструкцыю. Некаторыя карціны часова пераедуць у іншыя ўстановы, а некаторыя не пакажуць да адкрыцця.

Пра гэта паведаміла генеральная дырэктарка музея Ірына Мацяс у праграме на дзяржаўным канале АНТ. Паводле яе слоў, дакладная дата будзе залежаць ад афармлення праекта, дакументаў, але папярэдне закрыццё галерэй установы для наведвання адбудзецца ў чэрвені.

«Мы гэта яшчэ будзем анансаваць, канечне, будзем ладзіць развітанне з працамі, выстаўленымі ў музеі, — сказала яна. — Я сапраўды прапаную наведвальнікам да чэрвеня, пакуль ёсць магчымасць, прыходзіць і атрымліваць асалоду».

Плануецца, што рэканструкцыя працягнецца да канца 2027 года. Некаторыя творы часова «пераедуць» у іншыя музеі, у тым ліку рэгіянальныя.

«Не ўсе працы будуць схаваныя, частка прац пераедзе ў прыбудову, нешта будзем паказваць на выставах. Але, вядома, большая частка класічных твораў рускага мастацтва адыдзе са сцэны на часовы адпачынак», — адзначыла Мацяс.

Нагадаем, у красавіку ў Нацыянальны мастацкі музей прывезуць адну з самых вядомых карцін Марка Шагала «Шпацыр».

Апошнія навіны