BE RU EN

У Бруселі распрацавалі план, як хутка прыняць Украіну ў ЕС

  • 17.01.2026, 9:57

У Reuters даведаліся падрабязнасці.

Еўрапейская камісія разглядае магчымыя шляхі хуткага далучэння Украіны да Еўрапейскага саюза ў межах мірнага пагаднення з Расіяй, але без надання Кіеву поўнага аб’ёму правоў чальца ЕС. Поўнае сяброўства Украіна павінна была б «заслужыць» пасля пераходных перыядаў. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на чыноўнікаў ЕС.

Паводле выдання, гэта ідэя «адваротнага сяброўства» знаходзіцца на вельмі ранняй стадыі абмеркавання і прызначаная для ўкраінцаў, якія пасля чатырох гадоў барацьбы з расійскім уварваннем хочуць атрымаць пераканаўчае абяцанне таго, што яны на шляху да эканамічнай стабільнасці і інтэграцыі з Захадам.

Па словах дыпламатаў, у 20-пунктавым мірным плане, які абмяркоўвалі ЗША, Украіна і Еўрапейскі саюз, была папярэдне пазначана магчымая дата ўступлення Украіны ў ЕС у 2027 годзе як крок для забеспячэння эканамічнага дабрабыту краіны пасля заканчэння вайны.

Але многія ўрады ЕС лічаць гэтую або любую іншую фіксаваную дату абсалютна нерэалістычнай, бо ўступленне ў ЕС цяпер з’яўляецца працэсам, заснаваным на заслугах, і рухаецца наперад толькі тады, калі ёсць прагрэс у прыстасаванні заканадаўства краіны да стандартаў ЕС, гаворыцца ў артыкуле.

Акрамя таго, далучэнне да блоку патрабуе адабрэння парламентамі ўсіх 27 краін-чальцоў ЕС, і нават абмежаванае сяброўства, якое абмяркоўваецца, усё адно запатрабуе згоды ўрадаў ЕС і нацыянальных парламентаў.

«Мы павінны прызнаць, што знаходзімся ў зусім іншай рэальнасці, чым тая, якая была на момант, калі правілы (далучэння) ўпершыню былі распрацаваныя», — сказаў адзін з чыноўнікаў ЕС.

Паводле яго слоў, Украіна і, магчыма, іншыя краіны-кандыдаты маглі б хутка далучыцца да ЕС, а потым атрымліваць «паэтапны доступ» да права голасу ў залежнасці ад прагрэсу ў выкананні крытэрыяў поўнапраўнага сяброўства.

У Украіны няма шмат часу

Выданне нагадала, што звычайна перамовы аб уступленні ў ЕС доўжацца гадамі. Так, Польшча патраціла 10 гадоў, без вайны, на завяршэнне перамоў і ўсіх неабходных заканадаўчых змяненняў.

Некаторыя прадстаўнікі Еўракамісіі лічаць, што з палітычнага пункту гледжання ў Украіны няма столькі часу. Мірнае пагадненне паміж Украінай і Расіяй можа прадугледжваць тэрытарыяльныя страты для Кіева і быць цяжкім для ўспрымання ўкраінцамі, у прыватнасці ў выпадку магчымага рэферэндуму. А сяброўства ў ЕС, хай нават абмежаванае, магло б зрабіць такія ўмовы больш прымальнымі і закласці стабільнасць, неабходную для завяршэння рэформаў і атрымання поўных правоў у Еўразвязе, адзначаюць чыноўнікі.

«У інтарэсах Еўропы бачыць Украіну ў ЕС з улікам нашай уласнай бяспекі. Менавіта таму нам трэба шукаць творчыя рашэнні, як хутка прыцягнуць Украіну ў ЕС. Канцэпцыя «адваротнага сяброўства» адлюстроўвае гэтую ідэю: палітычнае далучэнне Украіны да ЕС з наступным атрыманнем поўных правоў і поўнапраўнага сяброўства пасля выканання ўсіх умоў», — сказаў адзін з дыпламатаў Еўразвязу.

Гэтую ідэю будзе цяжка прадаць

Падкрэсліваецца, што сяброўства без поўнага набору правоў у першы дзень уступлення не з’яўляецца новай з’явай, бо большасць краін, якія далучыліся да ЕС у 2004 годзе і пазней, мелі працяглыя пераходныя перыяды, напрыклад, адносна права іх грамадзян працаваць ва ўсім Еўразвязе.

Праўда, цяпер, як гаворыцца ў матэрыяле, чыноўнікі абмяркоўваюць мадэль са значна шырэйшымі абмежаваннямі. Яны прызнаюць, што такая ідэя ўздымае шэраг пытанняў не толькі адносна Украіны і што ёй будзе складана атрымаць неабходную аднагалосную падтрымку.

«Гэта будзе цяжка прадаць. Да таго ж гэта паўплывае на краіны, якія прайшлі традыцыйны шлях і ўжо блізкія да ўступлення пасля выканання ўсіх патрабаванняў, такія як Чарнагорыя або Албанія», — сказаў іншы чыноўнік ЕС.

Апошнія навіны