«Адмыцца» Вольфавічу будзе няпроста
- Артэм Сініцын, «Салідарнасць»
- 17.01.2026, 13:28
Лукашысты пачалі надзвычай небяспечную авантуру.
Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфавіч своеасабліва развеяў сумневы ў тым, што расійскі ракетны комплекс «Арэшнік» паставілі на баявое дзяжурства ў Беларусі.
Маўляў, галоўнае, што мы ў гэтым упэўненыя, а што там сабе думаюць злапыхальнікі — не істотна.
Што да пераканаўчасці, атрымалася так сабе: хочаце — верце, хочаце — не. Але вось у чым могуць быць дакладна ўпэўненыя тыя, хто рупліва наганяе страх расійскай «вундэрвафляй»: кожная такая заява дадае яскравасці мішэні на карце нашай краіны.
У генерала Вольфавіча не павінна быць і ценю сумневу ў тым, што ў гэтай надзвычай небяспечнай авантуры ён адзін з галоўных «мастакоў». І змыць такое будзе вельмі няпроста.
«Гэта зброя стрымлівання, абароны нашай краіны», — кажа ўраджэнец Казані, выпускнік Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расіі. І з кожным такім выказваннем усё больш пытанняў, якую менавіта краіну ён насамрэч лічыць «нашай».
Артэм Сініцын, «Салідарнасць»