У 2025 годзе тры тысячы беларусаў папрасілі аб міжнароднай абароне ў Польшчы
- 16.01.2026, 19:20
Гэта амаль на траціну менш, чым у 2024 годзе.
У 2025 годзе 2993 беларуса папрасілі аб міжнароднай абароне ў Польшчы. Гэта амаль на траціну менш, чым у 2024 годзе, вынікае са статыстыкі міграцыйнага партала краіны, піша Most.
Абарону (у форме статусу бежанца або дадатковай абароны) атрымалі 1737 грамадзян Беларусі. Гэта таксама на траціну менш, чым годам раней.
Беларусам па-ранейшаму адмаўляюць нячаста. За ўвесь мінулы год негатыўныя рашэнні атрымалі толькі 112 чалавек. То бок, адмовы вынеслі ў менш чым 6% разгледжаных спраў беларусаў. Разгляд яшчэ 180 спраў прыпынілі, гэта 9% усіх выпадкаў.
Усяго ў 2025 годзе Польшча прадаставіла міжнародную абарону 3,7 тыс. замежнікаў. Беларусы — самая вялікая група атрымальнікаў. На другім месцы — украінцы (1,5 тыс.).
Але з пэўнага моманту грамадзянам Украіны амаль перасталі даваць абарону. Адмовы атрымалі 2,8 тыс. украінцаў. Упраўленне па справах замежнікаў некалькі разоў выпускала тлумачэнні, што вайна ва Украіне і страх перад прызывам у войска не з'яўляюцца падставамі для прызнання міжнароднай абароны. А асноўныя пытанні ўцекачоў ад вайны вырашае механізм часовай абароны.