Тэхніку папулярнага брэнда больш не рамантуюць у Беларусі
- 16.01.2026, 18:56
Многія беларусы выкарыстоўваюць ноўтбукі гэтай фірмы.
Вытворца Asus са студзеня 2026 года спыніў гарантыйны рамонт сваёй тэхнікі ў Беларусі.
Пра гэта са спасылкай на ўнутраныя паведамленні сэрвісных цэнтраў паведамляе habr.com.
Згодна з публікацыяй, Asus з 1 студзеня спыніў гарантыйны рамонт і ў Расіі.
«Інфармуем вас пра забарону прымаць па гарантыі прылады з міжнароднай гарантыяй (пастаўленыя ў іншыя краіны) у РФ і Рэспубліцы Беларусь з 1 студзеня 2026 года… Да апошняга моманту мы стараліся гэта падтрымліваць унутранымі рэсурсамі», — гаворыцца ў рассылцы.
Гэтыя дзве краіны былі выключаныя са спісу дзяржаў з сусветнай гарантыяй яшчэ ў 2023 годзе, але да нядаўняга часу рамонты працягвалі выконваць за кошт унутраных рэсурсаў кампаніі. Цяпер гэта стала немагчыма.
У Asus няма каналаў пастаўкі запасных частак, таму абслугоўванне спыняецца цалкам.
Уладальнікам прылад з міжнароднай гарантыяй прапануюць проста з'ездзіць у іншую краіну.
«Кліенты павінны звяртацца ў аўтарызаваныя сэрвісныя цэнтры тых краін, дзе гэта абслугоўванне падтрымліваецца, у тым ліку ў іншыя краіны СНД», — кажуць у кампаніі.
Нагадаем, ASUSTeK Computer Inc. — тайваньская транснацыянальная кампанія, якая спецыялізуецца на камп'ютарнай электроніцы.
Выпускае як камплектуючыя, так і гатовыя прадукты. Большасць беларусаў ведае ноўтбукі гэтай фірмы.