ААН запатрабавала ад уладаў Беларусі тэрмінова дапамагчы палітзняволенай Алене Лазарчык
- 16.01.2026, 17:41
У жанчыны сур'ёзныя праблемы са здароўем.
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын зарэгістраваў скаргу на ціск у дачыненні да палітзняволенай Алены Лазарчык. Ад уладаў Беларусі запатрабавалі тэрмінова прыняць меры для яе абароны.
Праваабарончая арганізацыя Respect-Protect-Fulfill паведаміла, што Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын зарэгістраваў іх скаргу на дыскрымінацыю палітзняволенай Алены Лазарчык:
«Камітэт папрасіў забяспечыць доступ да медыцынскай дапамогі ў медыцынскай установе па-за межамі турмы, забяспечыць жанчыне неадкладны доступ да адваката і належныя ўмовы ўтрымання пад вартай».
Раней такія забеспячальныя меры Камітэт ААН прымаў у дачыненні да Паліны Шарэнда-Панасюк, Марыі Калеснікавай і Вікторыі Кульшы.
Алену Лазарчык утрымліваюць за кратамі з 30 снежня 2021 года. Яе асудзілі на восем гадоў нібыта за ўдзел у пратэстах, распальванне варожасці, удзел у экстрэмісцкім фарміраванні і абразу Лукашэнкі.
У кастрычніку 2025 года стала вядома, што актывістцы дадалі да тэрміну паўтара года нібыта за зламыснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.
За кратамі Лазарчык то накіроўваюць у штрафны ізалятар, то ў ПКТ. У жанчыны сур'ёзныя праблемы са здароўем.