Кандыдат на пасаду пасла ЗША ў Ісландыі заявіў, што краіна стане «52-м штатам»
- 16.01.2026, 17:09
Яму давялося выбачацца.
Былы член Палаты прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Білі Лонг, якога прэзідэнт Дональд Трамп вылучыў на пасаду пасла ў Ісландыі, пажартаваў пра верагоднае ператварэнне краіны ў «52-і штат» ЗША. Пра гэта 14 студзеня напісала Politiсo.
Паводле звестак СМІ, такую заяву Лонг зрабіў 13 студзеня, размаўляючы з членамі Кангрэса.
Пасля «жарту» ў Міністэрстве замежных спраў Ісландыі па запыце мясцовых СМІ заявілі, што звязаліся з пасольствам ЗША і хочуць праверыць праўдзівасць сцвярджэнняў. Акрамя таго, жыхары Ісландыі запусцілі петыцыю, у якой заклікаюць адмовіць Лонгу ў прызначэнні.
«Гэтыя словы Білі Лонга, якога Дональд Трамп вылучыў на пасаду пасла ў Ісландыі, магчыма, былі сказаныя паўголаса, але яны зняважлівыя для Ісландыі і ісландцаў, якім давялося змагацца за сваю свабоду і якія заўсёды былі сябрамі ЗША», — гаворыцца ў петыцыі.
Пасля рэзанансу Лонг пацвердзіў Arctic Today, што гэта быў жарт. Маўляў, прысутныя ў Кангрэсе заканадаўцы пачалі жартаваць з яго, што, маўляў, спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША Джэф Лэндры «стане губернатарам Грэнландыі», і ён так адрэагаваў.
«Нічога сур'ёзнага ў гэтым не было... Калі гэта кагосьці пакрыўдзіла, я прашу прабачэння», — сказаў Лонг.
Ён таксама дадаў, што з нецярпеннем чакае магчымасці працаваць з народам у Ісландыі.