BE RU EN

Украінцы не вераць ні ў мір праз перамовы, ні ў агучаную Пуціным мэту вайны

  • 16.01.2026, 15:14

Апытанне.

69% украінцаў, якія пражываюць ва Украіне, не вераць, што вайну, якую вядзе краіна-агрэсар Расія, удасца спыніць дзякуючы перамовам. Пра гэта сведчыць апытанне Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялогіі (КМІС), вынікі якога былі апублікаваныя 16 студзеня.

«Пераважная большасць рэспандэнтаў — 69% — не вераць, што цяперашнія перамовы прывядуць да ўстойлівага міру ва Украіне. Вераць у поспех перамоваў — 26%. Яшчэ 5% не змаглі вызначыцца са сваёй думкай», — гаворыцца ў матэрыяле.

Сацыёлагі адзначылі, што ўдзельнікаў апытання, якія не вераць у перамовы або не вызначыліся ў гэтым пытанні, адкрыта пыталі, чаму яны так лічаць.

«Большасць такіх рэспандэнтаў (52%) тлумачаць [...] тым, што Расія не хоча сапраўднага міру, што Расія плануе працягваць вайну і г.д. Напрыклад, прамая мова некалькіх рэспандэнтаў: «Мэта Расіі — знішчэнне Украіны, яны не супакояцца», «Пакуль у расіян будуць заставацца рэсурсы, яны будуць рухацца наперад», «Таму што слоўныя аргументы не прымушаюць Расію да дзеяння», — піша КМІС.

Таксама апытаныя заяўлялі, што вайна будзе працягвацца, таму што мір не патрэбны нелегітымнаму прэзідэнту РФ Уладзіміру Путіну, а таксама таму, што дамоўленасці з Расіяй «не вартыя паперы, на якой яны напісаныя».

Таксама ў рэспандэнтаў пыталіся, якая, на іх думку, сапраўдная мэта РФ у вайне супраць Украіны.

41% выбралі варыянт адказу: «Захапіць усю або большасць тэрыторый Украіны і ўсталяваць прарасійскія ўлады». 28% лічаць, што вайна РФ вядзецца дзеля фізічнага генацыду ўкраінцаў.

Варыянт пра «дэнацыфікацыю» і «дэмілітарызацыю» Украіны (пра гэта Пуцін заяўляў на пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года) «без пасяганняў на суверэнітэт» у студзені 2026 года абралі толькі 2% апытаных.

Сацыялагічнае даследаванне праводзілася з 9-га па 14 студзеня метадам тэлефонных інтэрв’ю на аснове выпадковай выбаркі мабільных нумароў ва ўсіх рэгіёнах, падкантрольных украінскім уладам. Апыталі 601 рэспандэнта ва ўзросце ад 18 гадоў. Статыстычная памылка выбаркі не перавышае 5,3%.

Апошнія навіны