Сабаленка прызналася ў схільнасці да алкаголю
- 16.01.2026, 15:06
Аднак падчас турніраў першая ракетка свету не п'е.
Чатырохразовая пераможца турніраў «Вялікага шлема», лідарка рэйтынгу WTA беларуская тэнісістка Арына Сабаленка распавяла пра сваё стаўленне да ўжывання алкагольных напояў.
«Ну, я не п'ю падчас турніру, падчас падрыхтоўкі. Для мяне вельмі важна балансаваць, таму што калі я буду зацыкленая на спорце, нават калі ў мяне ёсць час адпачыць, я проста ведаю, што ў мяне паедзе дах. То бок для мяне вельмі важна ўсё гэта балансаваць. То бок калі ёсць магчымасць адпачыць — адпачыць. Калі ёсць магчымасць выпіць піва — выпіць піва. Шампанскае, тэкіла, жэлацінкі. Я ж кажу, алкашка.
Не, я не п'ю, хлопцы (усміхаецца). Не, сапраўды, як бы не п'ю. Калі і п'ю, то не так шмат, насамрэч. Але лічу, што ў жыцці вельмі важна балансаваць.
Я проста не баюся гэта паказваць. Проста, у прынцыпе, у жыцці даволі часта сутыкалася з хейтам па розных прычынах. І мне ўжо не страшна, калі мне хтосьці там напіша каментар, маўляў: «Што ты транслюеш?» Я ж не транслюю, што там п'ю кожны дзень. Транслюю баланс. Стараюся данесці да людзей: балансуйце, умейце адпачываць, бо гэта вельмі важна. Гэта дасць вам такі буст энергіі і сілы, матывацыі і ўвогуле пазітыву, каб тварыць сваю справу», — сказала Сабаленка ў падкасце на YouTube-канале First&Red.