Гол і перадача Ягора Шаранговіча дапамаглі «Калгары» абгуляць «Чыкага» Арцёма Левшунава
- 16.01.2026, 14:23
17-е і 18-е ачкі беларуса ў сезоне.
У матчы НХЛ «Чыкага» дома саступіў «Калгары» (1:3), паведамляе hockey.by.
У складзе гасцей шайбай адзначыўся фарвард Ягор Шаранговіч — беларус вызначыўся ў большасці на чацвёртай хвіліне сустрэчы.
Напрыканцы паядынку Ягор аддаў галявую перадачу на Мэта Караната, які паразіў пустыя вароты.
Шаранговіч правёў на лёдзе 16:51 (2:27 — у большасці, 31 секунду — у меншасці), двойчы кінуў па варотах, зрабіў адзін сілавы прыём, прайграў адно ўкіданне, зарабіў 2 хвіліны штрафу і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «+1». Беларуса прызналі другой зоркай сустрэчы.
У сезоне ў Шаранговіча 18 (9+9) ачкоў у 43 матчах.
Абаронца гаспадароў Арцём Левшуноў выніковых ачкоў не набраў. Гулец абароны правёў на лёдзе 19:46 (4:18 — у большасці), двойчы кінуў па варотах, заблакаваў адзін кідок суперніка, атрымаў дзве хвіліны штрафу і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці «-2».
У Левшунава 21 (2+19) ачко ў 45 паядынках рэгулярнага чэмпіянату.