«Анджэй Пачобут не прыняў бы прапанову Лукашэнкі»
- 16.01.2026, 12:31
Палітвязень не прадасць сваіх ідэалаў.
Журналіст-палітвязень Анджэй Пачобут зноў знаходзіцца ў ізаляцыі. Ён мае праблемы са здароўем — арытмія сэрца і гіпертонія, а вага знізілася да 70 кілаграмаў. Пра гэта бацька палітвязня Станіслаў расказаў WP Wiadomości.
Ён паведаміў, што апошні раз ліст ад сына прыйшоў у канцы снежня 2025 года. Бацькі спадзяваліся, што Анджэй будзе ў ліку палітвязняў, вызваленых 13 снежня, але гэтага не адбылося.
Станіслаў Пачобут кажа, што не верыць, быццам Анджэй атрымліваў нейкія прапановы ад Лукашэнкі: «Калі б такая прапанова паступіла, ён бы не прыняў яе. Ён не прадасць сваіх ідэалаў».
У лісце, які бацькі атрымалі ў снежні 2025-га, Анджэй піша: «Дарагія мама і тата! У мяне ўсё стабільна. Настрой нармальны, патроху пачынаю адчуваць святочную атмасферу дзякуючы радыё. Шкада, замежныя мовы тут забаронены — я б падцягнуў англійскую, а так чытаю вершы. Думкамі я з вамі і буду з вамі за святочным сталом. З любоўю, Анджэй».
Бацька кажа, што сын стараецца берагчы іх ад дрэнных навін: «Калі ў Анджэя здараецца нешта дрэннае, ён дзеліцца гэтым са сваёй жонкай, а нас стараецца берагчы. Мы таксама пішам яму, што ў нас усё добра і што мы здаровыя. Трошкі падманваем адзін аднаго. Але робім гэта з любові. Мы не хочам засмучаць сына, а ён — бацькоў».
Станіслаў Пачобут прызнаецца, што ягонае здароўе пагаршаецца: праз дыябет ён губляе зрок і з цяжкасцю ходзіць. «Чаго я жадаю? Каб Анджэй быў вольны і здаровы. А сабе — толькі аднаго: паспець убачыць сына да таго, як я канчаткова асляпну», — адзначае ён.
Разам з тым бацька кажа, што ганарыцца Анджэем за яго пазіцыю: «Што б ён ні вырашыў, мы гэта прымем і будзем яго падтрымліваць. Як я ўжо шмат разоў казаў, я вельмі ганаруся сваім сынам. Калі б я яго ўбачыў, я стаў бы перад ім на калені з захапленнем ад той пазіцыі, якую ён заняў. Ад яго ўпартасці. Хоць не раз у мяне ўзнікала думка, што цана, якую ён плаціць за свае ідэалы, занадта высокая. Гэта ж усё яго жыццё. Калі Анджэя арыштавалі, яго сын меў рост 120 сантыметраў. Сёння — 190».
Журналіста і лідара ліквідаванага ўладамі «Саюза палякаў Беларусі» Анджэя Пачобута затрымалі ў 2021 годзе. У лютым 2023 года яго прысудзілі да 8 гадоў калоніі па артыкулах аб распальванні варожасці і закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі (артыкулы 130 і 361 КК). У 2024 годзе Анджэй Пачобут стаў ганаровым грамадзянінам Варшавы.