Знойдзены мёртвым у пасольстве РФ на Кіпры «шыфравальнік» быў на сувязі з Лаўровым
- 16.01.2026, 10:16
Расследавання загадкавага «самагубства» не праводзілася.
Крыптограф Службы знешняй разведкі Расіі Антон Панаў, якога знайшлі мёртвым у будынку пасольства РФ на Кіпры, перад паездкай размаўляў па тэлефоне з міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым і шэрагам высокапастаўленых чыноўнікаў Міністэрства замежных спраў Расіі. Паводле афіцыйнай версіі расійскага боку, Панаў скончыў жыццё самагубствам, аднак расследаванне не праводзілася, піша OBOZ.UA.
Паводле даных расійскіх СМІ, акрамя Лаўрова, Панаў меў кантакты з дарадцам міністра Бахціёрам Хакімавым, намеснікамі міністра Міхаілам Багданавым і Галінай Шульгай, а таксама кіраўніком валютна-фінансавага дэпартамента МЗС Андрэем Лісікавым. Журналісты адзначаюць, што да гэтага дэпартамента часта залічаюць кадравых афіцэраў СВР і ГРУ, якія працуюць пад дыпламатычным прыкрыццём.
Таксама зафіксаваныя тэлефонныя размовы Панава з паслом РФ у Малдове Васілём Васняцовым, паслом у Венгрыі Яўгенам Станіслававым і дарадцам пасольства Расіі ў Узбекістане Андрэем Ланчыковым. Асобна журналісты выявілі кантакты з былым сенатарам ад акупаванага Крыму Сяргеем Цекавым і жыхаром Луганска Аляксандрам Барысавым, які пісаў даносы на апазіцыйных палітыкаў і незалежныя медыя.
Што папярэднічала
Супрацоўніка пасольства Расіі на Кіпры знайшлі мёртвым у ўласным кабінеце 8 студзеня. Кіпрскую паліцыю пра інцыдэнт паведамілі не адразу, праваахоўнікаў не дапусцілі на тэрыторыю дыпмісіі, спасылаючыся на дыпламатычны імунітэт, а ў пасольстве адразу заявілі пра самагубства. Толькі пасля агалоскі ў медыя расійскі бок афіцыйна пацвердзіў факт смерці.
Спачатку ў СМІ загінулага называлі трэцім сакратаром пасольства Аляксеем Панавым, аднак журналісты-расследавальнікі сцвярджаюць, што гаворка пра Антона Панава – ураджэнца Хабараўскага краю, які прыбыў на Кіпр напрыканцы лета або на пачатку восені 2025 года. Яго біяграфія звязаная з навукова-тэхнічным цэнтрам «Атлас», які спецыялізаваўся на крыптаграфічных распрацоўках для сілавых структур і раней наўпрост падпарадкоўваўся ФСБ. У далейшым Панаў працаваў у МЗС Расіі, а яго кватэра ў Маскве знаходзіцца непадалёк ад штаб-кватэры Службы знешняй разведкі РФ.
Кіпрская паліцыя паведаміла, што ўскрыццё не выявіла прыкмет гвалтоўнай смерці, а прычынай гібелі названа асфіксія ў выніку павешання. Таксама вядома пра наяўнасць перадсмяротнай запіскі, якую расійскія дыпламаты перадалі ў Маскву, аднак яе змест і адрасат застаюцца невядомымі.