У Мінску хлопец прытрымаў дзверы дзяўчыне, і гэта выратавала яму жыццё
Унікальны выпадак адбыўся на вуліцы Каростоянавай.
Мінчанін здолеў пазбегнуць сур'ёзных траўмаў, прытрымаўшы дамофонныя дзверы дзяўчыне. Відэа інцыдэнту, знятае камерай відэаназірання, які адбыўся на ганку дома на сталічнай вуліцы Каростоянавай, апублікаваў блогер Павел Крамар, піша «Зеркало».
Судзячы па таймкодзе, усё адбылося 10 студзеня. У роліку бачна, як хлопец выходзіць на вуліцу, заўважае дзяўчыну, якая спяшаецца да пад'езда, і прытрымлівае для яе дзверы. Пасля таго як мінчанка заходзіць у дом, малады чалавек ідзе па ганку далей і рэзка замірае, калі проста перад ім падае ваконная рама.
«У Мінску 10 студзеня хлопец, прытрымаўшы дзверы для дзяўчыны, набыў другі дзень нараджэння», — падпісаў відэа Павел Крамар.
У Instagram відэа за суткі набрала больш за 680 тысяч праглядаў. Карыстальнікі сацсеткі ў каментарыях звярнулі ўвагу, што пры пэўных умовах рама магла зваліцца і на дзяўчыну.
«А калі б дзяўчына не падбегла, то рама магла б упасці і на яе. Добра, што ніхто не пацярпеў», — напісала адна з удзельніц дыскусіі.
Іншыя ў жарт адзначылі, што такія цудоўныя выратаванні ў галівудскіх серыялах звычайна становяцца падмуркам трывалых сямейных адносін.
«Прыгожая гісторыя «як я пазнаёміўся з вашай мамай», — заўважыла каментатарка.
Дарэчы, відэа з Мінска шырока разышлося і ў сацсетках Казахстана. Медыя сцвярджалі, што менавіта там адбыўся інцыдэнт. Аднак карыстальнікі сацсетак дакладна вызначылі лакацыю. Гэта трэці пад'езд дома №43А на вуліцы Каростоянавай.