ЗША націснулі на Лукашэнку?
- 15.01.2026, 18:07
Прэм'ер-міністр Літвы распавяла, як амерыканцы дапамаглі вырашыць пытанне з метэаразондамі з Беларусі.
Прэм'ер-міністр Літвы Інга Ругінене паведаміла, што ЗША папярэдзілі літоўскі бок пра свае намеры адносна Беларусі, але не аказвалі ціску з патрабаваннем аслабіць санкцыі, піша Delfi.lt. Паводле яе слоў, амерыканцы толькі адзначылі, што плануюць абмяркоўваць з Беларуссю тэму калійных угнаенняў, падкрэсліўшы, што гэта не датычыцца Літвы. Пасля гэтага да пытання больш не вярталіся, і літоўскі ўрад не стаў развіваць тэму без дадатковых сігналаў.
Ругінене таксама распавяла, што ЗША дапамаглі Літве ў вырашэнні праблемы з метэаразондамі з кантрабандай з Беларусі, якія восенню мінулага года паралізавалі працу літоўскіх аэрапортаў.
Дыпламатычныя спробы дамовіцца з Мінскам тады не далі выніку, бо з беларускага боку не было ні адказу, ні жадання спыніць палёты зондаў.
У выніку закрыццё мяжы з боку Літвы і падтрымка ЗША дазволілі знізіць інтэнсіўнасць гібрыднай атакі і аднавіць дыпламатычны дыялог.
Паводле слоў прэм'ер-міністра Літвы, супрацоўніцтва з ЗША працягваецца і цяпер — у тым ліку дзеля вызвалення літоўскіх фур, затрыманых у Беларусі. Яна адзначыла, што кантакты з амерыканскім бокам адбываюцца штодзённа і датычацца не толькі транспартнай сферы. Ругінене згадала таксама снежаньскае вызваленне палітвязняў у Беларусі і падкрэсліла, што ёсць шмат пытанняў, якія Літва ўзгадняе з ЗША і надалей.